Перайсьці да зьместу

Полк імя Кастуся Каліноўскага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Kazimier Lachnovič (гутаркі | унёсак) у 13:34, 28 чэрвеня 2022. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Полк імя Кастуся Каліноўскага
укр. Полк імені Кастуся Калиновського
Файл:Полк Каліноўскага. Лагатып.jpg
Гады існаваньня сакавік 2022 году — наш час
Краіна Сьцяг Украіны Украіна
Падпарадкаваньне Узброеныя сілы Ўкраіны
Уваходзіць у Міжнародны легіён тэрытарыяльнай абароны Ўкраіны
Дысьлякацыя Кіеў
Колеры
Бел-чырвона-белы сьцяг
Войны Расейска-ўкраінская вайна
Удзел у Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну

Полк імя Кастуся Каліноўскага (укр. Полк імені Кастуся Калиновського; да 21 траўня 2022 году — батальён імя Кастуся Каліноўскага) — вайсковая фармацыя ў складзе Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, створаная ў сакавіку 2022 году з мэтай абароны Ўкраіны ад расейскага ўварваньня. Складаецца зь беларускіх добраахвотнікаў.

Сваю назву атрымаў у гонар Кастуся Каліноўскага — аднаго з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў, нацыянальнага героя Беларусі. Складаецца з батальёнаў «Ліцьвін» і «Волат». Часткай палка ёсьць адмысловая група беларускіх добраахвотнікаў «Чорны кот»[1][a]. Адна зь некалькіх фармацыяў беларускіх добраахвотнікаў, якія бароняць Украіну[2].

Гісторыя

Нашыўка батальёна імя К. Каліноўскага
Беларускія добраахвотнікі, 2022 г.

Беларускія добраахвотнікі ўдзельнічаюць у расейска-ўкраінскай вайне зь вясны 2014 году. Група беларусаў брала ўдзел у баях за Пяскі, каля Данецкага аэрапорту ў ліпені 2014 году. Таго ж году ўтварыўся аддзел «Пагоня», а ў чэрвені 2015 году — тактычная група «Беларусь», якая брала ўдзел у баях за Аўдзееўку, Пяскі, Валнаваху, Мар’інку.

Па адкрытым нападзе Расеі на Ўкраіну 2 сакавіка 2022 году ва Ўкраінскім войску ўтварылася першая рота, якая складалася зь іншаземцаў, а менавіта зь беларусаў. Паводле зьвестак Радыё Свабода, на 4 сакавіка ў яе ўвайшлі каля 40 чалавек[3]. Сярод першых ваяроў — удзельнікі тактычнай групы «Беларусь», сябры Белага Легіёну і Маладога Фронту[4]. 4 сакавіка 2022 году ў абарончых баях ва Ўкраіне загінуў беларускі добраахвотнік Ільля «Ліцьвін»[5]. Паводле зьвестак на 5 сакавіка, Украіну абараняла 200 беларускіх добраахвотнікаў, яшчэ 300 беларусаў, гатовых далучыцца да Замежнага легіёну, знаходзілася ў Польшчы[6].

9 сакавіка беларускія добраахвотнікі заявілі пра аб’яднаньне ў батальён імя Кастуся Каліноўскага[7]. Асноўнай сваёй задачай ваяры Батальёну бачаць «сёньня бараніць Украіну, заўтра — вызваліць Беларусь»[8][9].

18 сакавіка ў Кіеве зьявіліся білборды «Разам — назаўжды» з выявай добраахвотніка батальёну імя Кастуся Каліноўскага, каб прадэмастраваць, што беларусы з Батальёну разам з украінскім народам паўсталі на абарону Ўкраіны супраць агрэсара[10].

25 сакавіка батальён імя Кастуся Каліноўскага ўвайшоў у склад Узброеных сілаў Украіны.

21 траўня Батальён абвясьціў пра стварэньне Беларускага палку імя Кастуся Каліноўскага, у які ўвойдуць батальёны «Ліцьвін» і «Волат»[11].

4 чэрвеня галоўная ўправа выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны адзначыла байцоў палку імя Кастуся Каліноўскага ўзнагародамі «За бойові заслуги» і «Україна — понад усе!» — за неймаверную мужнасьць, праяўленую падчас выкананьня баявых заданьняў[12].

17 чэрвеня байцы палку Каліноўскага атрымалі дзяржаўныя ўкраінскія ўзнагароды «За бойові заслуги», а таксама «Україна понад усе»[13].

Прысяга

25 сакавіка 2022 году ў Дзень Волі (Дзень Незалежнасьці Беларусі) беларускія добраахвотнікі батальёну імя Кастуся Каліноўскага прынялі прысягу — увайшлі ў склад Узброеных сілаў Украіны. Тэкст самой прысягі быў на беларускай мове, з шматлікімі спасылкамі на гісторыю Беларусі і заканчваўся словамі «Жыве Беларусь!»[14].

Беларусь, маці мая Радзіма. Клянуся вызваляць і бараніць цябе там дзе знаходжуся зараз і куды прывядзе мяне лёс твайго вызваленьня. Біцца да перамогі за тваю свабоду. Як біліся нашыя продкі з ардынскім прыгнётам маскавітаў пад Воршай, Смаленскам, Палонкай. Бязьлітасна гнаць бязродных апрычнікаў зь зямель тваіх. Як гналі ваяры Вялікага Княства Літоўскага і беларускай шляхты, касінеры Касьцюшкі і паўстанцы Каліноўскага, жаўнеры Народнай Рэспублікі і партызаны Супраціву. Бараніць кроў тваёй нацыі, моц тваёй зямлі і Боскі дух твайго існаваньня. У шэрагах вольных братоў і ў палоне. На Айчыне і ў выгнаньні. І ў баі і ў падпольлі. Няхай рукі мае сьціскаюць зброю, пакуль шыбеніцы ня скончаць сьціскаць шыі сыноў Тваіх. Няхай лязгат майго затвору не сьціхае, пакуль чутны лязгат кратаў за сьпінамі герояў тваіх. Няхай хопіць мне жыцьця, каб адпомсьціць за ўсіх закатаваных, згвалтаваных і забітых дзяцей Тваіх. Да астатняга пляску рэк Тваіх у маіх вачах. Пакуль будзе чутны тупат «Пагоні» у сэрцы маім. Жыць з табою, памерці за цябе, і адрадзіць веліч тваю. Жыве Беларусь! Жыве вечна!

Удзельнікі

Загінулыя ваяры

13 сакавіка 2022 году пад Кіевам загінуў камандзір групы батальёну Аляксей Скобля (31 год) зь мянушкай «Тур»[17].

26 сакавіка ад баявога раненьня каля места Ірпеню загінуў баец батальёну Зьміцер Апанасовіч зь мянушкай «Тэрор». У гэты дзень батальён зьнішчыў тры БМП расейскіх захопнікаў, аднак Апанасовіч атрымаў моцнае раненьне, выратаваць яго жыцьцё не ўдалося[18]. Зьмітру было 32 гады, ён родам з Смаргоні. Праходзіў вайсковую службу ў 38-й дэсантнай брыгадзе ў Берасьці. Апошнія гады жыў у Варшаве, працаваў дальнабойшчыкам, адтуль прыехаў як добраахвотнік на абарону Ўкраіны[19].

16 траўня 2022 году ў час апэрацыі з вызваленьня ўкраінскай вёскі ад расейскіх захопнікаў атрымаў сьмяротнае раненьне камандзір аддзелу Павал «Волат»[20].

Памяць

У сакавіку 2022 году Юры Стыльскі з гурту «Дай Дарогу!» напісаў песьню, прысьвечаную беларускім добраахвотнікам з батальёну імя Кастуся Каліноўскага, аўтар тэксту — каліновец Радзівон Батулін[21].

28 красавіка 2022 году пастановай 16-й сэсіі мескай рады Хмяльніцкага вуліцу Пушкіна перайменавалі ў гонар палеглага ваяра батальёну імя Кастуся Каліноўскага героя Ўкраіны Аляксея Скоблі[22].

У чэрвені 2022 году беларуская сьпявачка Маргарыта Ляўчук выпусьціла песьню «Прайду няўхільна цяжкі шлях», прысьвечаную ваярам-каліноўцам[23]. У аснове песьні вершы Радзівона Батуліна, аўтар музыкі — Канстанцін Яськоў, рэжысэр кліпа — Арцём Лобач.

Глядзіце таксама

Заўвагі

  1. ^ «Чорны кот» — беларуская партызанская арганізацыя, якая ў 1944—1957 гадох вяла ўзброенае змаганьне з расейска-савецкімі акупантамі за аднаўленьне незалежнасьці Беларусі

Крыніцы

  1. ^ Адмысловая група беларускіх дабраахвотнікаў «Чорны кот», YouTube
  2. ^ Ва Украіне ваюе некалькі груп беларускіх добраахвотнікаў, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 28 сакавіка 2022 г.
  3. ^ «Не рабіцеся злачынцамі!» — беларускі дабраахвотнік «Курган» зьвяртаецца да беларускіх вайскоўцаў, 4 сакавіка 2022 г.
  4. ^ «Верым, што пераможам Расею, а пасьля вызвалім Беларусь». У беларускую роту тэрабароны Ўкраіны запісаліся сямёра маладафронтаўцаў, Радыё Свабода, 7 сакавіка 2022 г.
  5. ^ У баях ва Ўкраіне загінуў беларускі добраахвотнік, Радыё Свабода, 4 сакавіка 2022 г.
  6. ^ Пракоп’еў: 200 беларусаў ужо ваюе на баку Украіны, яшчэ 300 гатовыя, Наша Ніва, 5 сакавіка 2022 г.
  7. ^ Орлова В. Білоруси створили батальйон для оборони Києва (відео), УНІАН, 9 сакавіка 2022 г.
  8. ^ «Сёння мы баронім Украіну, заўтра — вызвалім Беларусь» | Беларусы на войне за Украину, Белсат, 7 сакавіка 2022 г.
  9. ^ Europe’s last dictator: Lukashenko’s fate depends on Ukraine [Апошні дыктатар Эўропы: лёс Лукашэнкі залежыць ад Украіны], The Spectator, 9 красавіка 2022 г.
  10. ^ У Кіеве з’явіліся беларускія банеры ФОТА(недаступная спасылка), Наша Ніва, 18 сакавіка 2022 г.
  11. ^ Батальён Кастуся Каліноўскага абвясьціў аб стварэньні аднайменнага палка, Радыё Свабода, 21 траўня 2022 г.
  12. ^ Байцы палку Каліноўскага атрымалі ўкраінскія ўзнагароды, Радыё Свабода, 4 чэрвеня 2022 г.
  13. ^ Байцы палку Каліноўскага атрымалі ўкраінскія дзяржаўныя ўзнагароды. Фотафакт, Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2022 г.
  14. ^ Батальён беларускіх добраахвотнікаў імя Каліноўскага ўвайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, Радыё Свабода, 26 сакавіка 2022 г.
  15. ^ «Міру не будзе ніколі, пакуль існуе такая грозная імперыя, як Расея». Забіты яшчэ адзін беларус, Белсат, 13 красавіка 2022 г.
  16. ^ «Украінцы жартуюць: не хвалюйцеся, зараз вызвалім сябе, пойдзем ратаваць вас». Пагутарылі з беларусам, які запісаўся ў тэрытарыяльную абарону Украіны, Наша Ніва, 1 сакавіка 2022 г.
  17. ^ Ва Ўкраіне загінуў баец з батальёну Кастуся Каліноўскага, Радыё Свабода, 13 сакавіка 2022 г.
  18. ^ Загінуў баец батальёна Кастуся Каліноўскага, Радыё Свабода, 26 сакавіка 2022 г.
  19. ^ Служыў у 38-й дэсантнай брыгадзе, снайпэр, ваяр. Хто такі беларус Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, які загінуў ва Ўкраіне, Радыё Свабода, 1 красавіка 2022 г.
  20. ^ На вайне ва Ўкраіне загінуў Павал «Волат» — камандзір атраду, шосты беларускі баец з пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі, Радыё Свабода, 16 траўня 2022 г.
  21. ^ Юрый Стыльскі напісаў песню, прысвечаную беларускім добраахвотнікам, Эўрапейскае радыё для Беларусі, 17 сакавіка 2022 г.
  22. ^ Олена Кошарська, Ланову, Гастелло та Пушкіна: на чию честь перейменували вулиці Хмельницького, vsim.ua, 23 траўня 2022 г.
  23. ^ Маргарыта Ляўчук выпусціла кліп, прысвечаны героям нашага часу, Хартыя’97, 7 чэрвеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі