Перайсьці да зьместу

Альдона Гедзімінаўна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вэрсія для друку болей не падтрымліваецца і можа мець памылкі апрацоўкі. Калі ласка, абнавіце закладкі броўзэру і выкарыстоўвайце ўбудаваную функцыю друку броўзэру.
Альдона Гедзімінаўна
лац. Aldona Giedziminaŭna / Hiedziminaŭna
Каралева Польшчы
1333 — 1339
ПапярэднікЯдзьвіга Баляславаўна
НаступнікАдэляйда Геская
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Альдона Гедзімінаўна
Нарадзілася каля 1309/1310
Вялікае Княства Літоўскае
Памерла 26 траўня 1339
Кракаў, Каралеўства Польскае
Пахаваная
Род Гедзімінавічы
Бацькі Гедзімін
Еўна
Муж Казімер ІІІ Вялікі
Дзеці Альжбета Казіміраўна, Кунэгунда Казіміраўна
Дзейнасьць кансорт

Альдона Гедзімінаўна (у каталіцтве Ганна; каля 1309/1310, Вялікае Княства Літоўскае — 26 траўня 1339, Кракаў, Каралеўства Польскае) — польская каралева, жонка Казімера ІІІ, дачка вялікага князя літоўскага Гедзіміна і Еўны.

Імя

Асноўны артыкул: Альдона

Альдун або Альдона (Aldun[1], Aldonis, Aldone) — імя германскага паходжаньня[2][3]. Іменная аснова алд- (алт-) (імёны ліцьвінаў Алдыка, Аўтаўт; германскія імёны Aldiko, Altold) паходзіць ад гоцкага alds 'стары'[4] (з значэньнем мудрасьці[5]).

Адпаведнасьць імя Альдона германскаму імю Aldun сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[6].

Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: Aldona Gediminowna (Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі).

Біяграфія

Імя Альдона вядомае толькі з хронікі Мацея Стрыйкоўскага. Казімеж ІІІ падчас шлюбу меў 15/16 гадоў, верагодна, столькі ж было й Альдоне. Шлюб Альдоны й Казімежа меў на мэце ўмацаваньне польска-ліцьвінскага хаўрусу супраць Тэўтонскага закону і такім чынам стаўся прэлюдыяй Крэўскае й Люблінскае уніяў, што спрычніліся да ўтварэньня польска-літоўскае Рэчы Паспалітае. Умовы дамовы паміж дзьвюма краінамі не захаваліся, але вядома, што Гедзімін вызваліў 25000 польскіх палоньнікаў. Пра важнасьць шлюбу сьведчыць факт адмовы Казімежа ад сваіх ранейшых намераў на шлюб з дачкой чэскага караля Яна Люксэмбурскага Бонай, якая пазьней стала жонкай францускага караля Яна ІІ. Першым непасрэдным вынікам хаўрусу стаў зладжаны ў 1326 сумесны паход польскіх і літоўскіх войскаў на Марграфства Бранэдэнбург. Тым ня менш хаўрус Польшчы й Вялікага Княства быў нядоўгім і распаўся каля 1330, аднак няма ніякіх зьвестак пра якія-кольвек сутычкі за жыцьцём Альдоны.

Па прыбыцьці да Польшчы Альдона прыняла 30 красавіка 1325 хрост зь імем Ганна, а 16 кастрычніка таго ж году пабралася шлюбам з Казімірам. У 1326 у іх нарадзілася першая дачка — Альжбета. 25 красавіка 1333 празь месяц пасьля сьмерці бацькі Казіміра Уладыслава І Лакетка, нягледзячы на супраціў свае цешчы Ядзьвігі, была каранаваная разам з мужам на халме Вавэль у Кракаве. Праз два гады ў іх нарадзілася другая дачка — Кунэгунда.

Альдона была вядомая сваёй набожнасьцю і любоўю да музыкі. Ян Длугаш нават меркаваў, што цымбалы, якія падчас працэсіяў гралі перад ёй, былі часткай ягосьці паганскага рытуалу.

Нечакана памерла 26 траўня 1339. Стала першай жанчынай, пахаванай на Вавэлі.

Дзеці

Папярэднік:
Ядзьвіга Баляславаўна
 Каралеўства Польскае 
1333 — 1339
Пераемнік:
Адэляйда Геская

Крыніцы

  1. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 57, 1144.
  2. ^ Francovich-Onesti N. Vestigia longobarde in Italia (568—774). Lessico e antroponimia. — Roma, 1999. P. 173.
  3. ^ Alessandro Nespoli, Casi di antroponimia germanica e anglosassone nel Santuario di Monte Sant’Angelo
  4. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 30.
  5. ^ Kapff R. Deutsche Vornamen: mit den von ihnen abstammenden Geschlechtsnamen sprachlich erläutert. — Nürtingen am Neckar, 1889. S. 8.
  6. ^ Schmittlein R. Toponymes finnois et germaniques en Lituanie // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1948. P. 103.

Літаратура