Перайсці да зместу

Мікулічы (Брагінскі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія для друку болей не падтрымліваецца і можа мець памылкі апрацоўкі. Калі ласка, абнавіце закладкі браўзеру і выкарыстоўвайце ўбудаваную функцыю друку браўзеру.
Аграгарадок
Мікулічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1541 год
Насельніцтва
244 чалавекі (2004)
Часавы пояс
Тэлефонны код
2344
Паштовыя індэксы
247633
Аўтамабільны код
3
СААТА
3203846038
Мікулічы на карце Беларусі ±
Мікулічы (Брагінскі раён) (Беларусь)
Мікулічы (Брагінскі раён)
Мікулічы (Брагінскі раён) (Гомельская вобласць)
Мікулічы (Брагінскі раён)

Міку́лічы — аграгарадок у Буркоўскім сельсавеце Брагінскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі. Знаходзіцца за 14 км на паўночны захад ад Брагіна, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), побач з аўтадарогай Брагін — Хойнікі.

Гісторыя

Выяўлены археолагамі курганны могільнік X—XII стагоддзяў (захавалася 29, раней было 60 насыпаў, за 300 м на захад ад вёскі) сведчыць пра засяленне тутэйшых месцаў з глыбокай старажытнасці.

Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае

Ці не ўпершыню Мікулічы згаданыя ў запісе ад 6 кастрычніка 1541 года аб узаемных саступках грунтоў у Брагінскім маёнтку князя Аляксандра Міхайлавіча Вішнявецкага і ў Астраглядаўскім маёнтку князя Дзмітрыя Раманавіча Відыніцкага (Любецкага) з жонкай Феннай Палазовічаўнай. Належалі князю Вішнявецкаму[1]. Месціліся ў Кіеўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Напярэдадні Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года ваяводства (у тым ліку Брагінскі маёнтак) было далучана да Кароны Польскай[2]. Згодна з актам аб падзеле маёнтку Брагіна 1574 года, «… село Микуличи з людми отчизными, куничниками, з даню медовою, грошовою, з дубровами, лесы, чертежами, с полми, сеножатми и ловы зверинными» дасталося князю Аляксандру Аляксандравічу Вішнявецкаму[3]. На 1581 год, калі маёнткам валодала яго ўдава княгіня Аляксандра (з роду Капустаў) Вішнявецкая, у Мікулічах налічвалася 40 дымоў асадных сялян, з якіх выбіралася па 15 грошаў, і 12 агароднікаў, з якіх, у залежнасці ад акалічнасцяў, — па 4 альбо па 6 грошаў падатку[4]. Яшчэ ў датаваным 13 сакавіка 1581 года дакуменце паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзмітрый Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе размежавання добраў пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаннямі княгіні Вішнявецкай і яе дзяцей «jmienia Brahina, Mikulic, Listwina y innych sioł do Brahinia nalezących»[5].

Потым, да 1622 года, часткай Брагінскага маёнтка з Мікулічамі валодаў князь Адам Аляксандравіч Вішнявецкі. Ад 1641 года Мікулічы — уласнасць князя Іераміі Міхала Вішнявецкага, які зноў аб’яднаў у адных руках Брагінскую спадчыну малодшай галіны роду. Пасля смерці ў 1672 годзе жонкі апошняга, княгіні Грызельды Канстанцыі (з роду Замойскіх), Брагінская фартуна адыйшла яе пляменніку Станіславу Канецпольскаму, незадоўга да спачыну ў 1682 годзе атрымаўшаму пасаду кракаўскага кашталяна. На 1683 год вядома, што трыма дымамі ў Мікулічах валодаў пан Сіліч[6].

У 1687 годзе Мікулічы названыя сярод паселішчаў усынаўлёнага Станіславам Канецпольскім, будучага серадзкага ваяводы Яна Аляксандра Канецпольскага, жыхары якіх цяжка пацярпелі ад пабораў і гвалту казакоў сотні Русановічавай палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага; тут у яго было 28 дымоў (×6 — каля 168 чалавек), а на пастой размясціліся 28 казакоў, у якіх ажно 20 коней.[7] Пасля смерці ў 1719 г. Я. Канецпольскага і даволі працяглага (яшчэ і пры жыцці) знаходжання Мікулічаў у заставе у паноў Сілічаў,[8] спадчынным уладальнікам Брагінскіх добраў прыкладна з 1733 года стаў князь Міхал Сервацы Вішнявецкі, першы і адзіны ў старэйшай галіне роду, хто падпісваўся «графам на Брагіне».[9]

Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Мікулічы былі сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[10]. У 1754 годзе з 80 двароў (каля 480 жыхароў) сяла Мікулічы Брагінскага маёнтка «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 12 злотых, 15 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 50 злотых[11]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбеты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францам Антоніем Ракіцкім. У лісце ад 3 мая 1758 г. пан Ракіцкі, войскі ашмянскі, паказваў, што яго мікуліцкія падданыя не з волі дворнай, а паводле ўласнага намеру ўдаліся да лесу хойніцкага ўдавы княгіні Людвікі Шуйскай, на той час жонкі пана Быстрага, старосты ліноўскага, ды павысякалі дрэвы[12].

Паводле перапісаў яўрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у Мікулічах налічвалася адпаведна 19, 6 і 5 чалавек (głow)[13], якія належалі да Брагінскага кагала. Пэўна, на колькасць яўрэяў у сяле не магла не паўплываць Каліеўшчына 1768 года, што была апошнім і наймацнейшым уздымам гайдамацкага руху ва Украіне.

Расійская імперыя

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) — у межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[14]. У крыніцы, заснаванай на звестках рэвізіі 1795 года, Мікулічы названыя ў пераліку паселішчаў, нібыта адабраных у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстанні 1794 года[15]. Але паселішчы тыя пан М. Аскерка трымаў у заставе ад паноў Ракіцкіх, да якіх яны пазней і вярнуліся. Дзейнічала Багаяўленская прыходская царква, будынак якой узведзены ў 1760 годзе[16]. У ёй захоўваліся два фундушы ўладальнікаў Брагіна з фальваркамі, князя Міхала Сервацыя Вішнявецкага ад 28 кастрычніка 1740 года і пані Марыі Ракіцкай ад 16 студзеня 1860 года, метрычныя кнігі і іншыя прыходскія дакументы з 1827 года[17]. Згодна з «Фармулярнай ведамасцю» Багаяўленскай царквы 1822 года, сяло Мікулічы, у якім налічвалася 168 душ мужчынскага і 198 душ жаночага полу, належала пану Рафалу Аскерку[18].

Мікулічы на карце Мінскай губерні А. К. Фіцінгофа. 1846 г.

У 1840 годзе на сродкі вернікаў і ўладальніка вёскі графа Міхала Ракіцкага замест старой збудавана новая драўляная царква. У 1855 у Брагіне і Мікулічах уласнік граф Людвік Міхайлавіч Ракіцкі (1825—1881) меў 2 вятракі, вадзяную і 6 конных млыноў, валюшню. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 301 жыхар сяла Мікулічы з'яўляўся прыхаджанінам Багаяўленскай царквы, 12 мужчын і 18 жанчын з ліку жыхароў фальварка былі парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[19]. У 1864 адкрыта народнае вучылішча.

У парэформавы час Мікулічы былі цэнтрам воласці, да якой у 1890 годзе належалі 35 населеных пунктаў з 1075 дварамі. У 1885 годзе працавала школа. У 1895 годзе каля 400 жыхароў выступілі супраць правядзення палявых прац на зямельным участку, які яны лічылі несправядліва перададзеным абшарніку. Паводле перапісу 1897 года працавалі царква, капліца, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, крама, млын, 2 вятракі, карчма; побач быў аднайменны фальварак. На 1909 год у сяле Мікулічы налічвалася 96 двароў, 702 жыхары, у фальварку 1 двор, 5 жыхароў[20].

Падчас акупацыі германскай войскамі ў 1918 годзе партызаны пад камандаваннем Ф. І. Скараходава (выхадзец Брагіна) разграмілі створаную тут акупантамі камендатуру.

Найноўшы час

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Мікулічы з воласцю ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[21].

1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

З 8 снежня 1926 года — у складзе БССР, цэнтр Мікуліцкага сельсавета Брагінскага раёна Рэчыцкай і з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай (з 26 ліпеня 1930 года) акруг, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей.

Дзейнічалі школа, хата-чытальня. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны Кастрычнік», працавалі гамарня (з 1931 года), 3 вятракі (1895, 1896, 1928 года). У 1938 годзе ў вёску пераселены жыхары мястэчкаў Краснае, Ульянаўка і Краснагорск, вёскі Новая Вёска.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны нацысты забілі 23 жыхароў, у тым ліку 14 жніўня 1942 года жывымі спалілі 14 жыхароў вёскі. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 290 мясцовых жыхароў. У памяць пра загінулых у 1975 годзе збудаваны абеліск з імёнамі загінулых.

У 1959 годзе цэнтр калгаса «Чырвоны Кастрычнік». Размяшчаліся пільня, млын, швейная майстэрская, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, амбулаторыя, аптэка, ветэрынарны ўчастак, аддзяленне сувязі, сталовая, 2 крамы.

У 2009 годзе Мікуліцкі сельсавет быў скасаваны, і Мікулічы ўвайшлі ў склад Буркоўскага сельсавета[22].

Забудова

Планіроўка складаецца з 2 паралельных паміж сабой вуліц мерыдыянальнай арыентацыі, да якіх на поўдні далучаюцца 2 просталінейныя шыротныя вуліцы. Забудавана двухбакова драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу. Паблізу ёсць жалезарудныя радовішчы.

Насельніцтва

  • 1795 год — 11 двароў.
  • 1850 год — 38 двароў, 309 жыхароў.
  • 1885 год — 66 двароў, 376 жыхароў.
  • 1897 год — 96 двароў, 631 жыхар (паводле перапісу). Фальварак — 3 двары, 40 жыхароў.
  • 1908 год — 702 жыхары.
  • 1959 год — 848 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1999 год — 90 двароў, 288 жыхароў[23].
  • 2004 год — 92 гаспадаркі, 244 жыхары.
  • 2006 год — 90 гаспадарак, 236 чалавек, з якіх 73 ва ўзросце да 16 гадоў, 112 — у працаздольным і 51 — старэйшым за працаздольны.
  • 2009 год — 208 чалавек[24].

Вядомыя ўраджэнцы

Зноскі

  1. Archiwum Główny Akt Dawnych. Archiwum Prozorów i Jelskich (AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 3, 4
  2. Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі, У. [Рэцэнзія] / У. Падалінскі // Беларус. гіст. агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337. — Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009
  3. http://www.belniidad.by/sites/default/files/bash/bash01_2000.pdf Архівавана 5 чэрвеня 2020. Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 1. — Мінск, 2000. С. 188, 192
  4. Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 38
  5. Руська (Волинська) метрика [Текст] : регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 301—302
  6. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 489
  7. Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 152
  8. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 284
  9. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  10. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  11. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 191
  12. AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 72 — 73
  13. АрхивЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 302, 391, 710
  14. Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  15. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 73
  16. НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 35
  17. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 97
  18. НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40552. А. 66
  19. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 681
  20. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 122
  21. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  22. Решение Гомельского областного Совета депутатов от 01.12.2009 N 276 Об изменении административно-территориального устройства Брагинского района Гомельской области Архівавана 5 сакавіка 2016.
  23. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 366. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
  24. Насельніцтва Беларусі па выніках перапісу 2009 года(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 кастрычніка 2020. Праверана 13 красавіка 2020.

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
  • Czamańska I. Wiśniowieccy. Monografia rodu. — Poznań, 2007
  • Мацук А. Брагін // Князі Вишневецькі. — Київ, 2016(2017). С. 213—215
  • Pamiętniki o Koniecpolskich. Przyczynek do dziejów polskich XVII wieku. / Wydał Stanisław Przyłęcki. — Lwów, 1842. S. 375—389
  • Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018