Перайсці да зместу

Дзяржынская (гара)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Гара Дзяржынская)
Дзяржынская гара
Вышыня 345 м
Размяшчэнне Мінскае ўзвышша
Каардынаты 53°51′ пн. ш. 27°04′ у. д.HGЯO
Дзяржынская гара (Беларусь)
Дзяржынская гара
Дзяржынская гара

Дзяржынская гара (трансліт.: Dziaržynskaja hara), да 1958 — Святая гара[1] — найвышэйшы пункт Мінскага ўзвышша і Беларусі, знаходзіцца каля вёскі Скірмантава Дзяржынскага раёна, за 20 км на поўнач ад Дзяржынска, за 30 км на паўднёвы захад ад Мінска.

Вышыня над узроўнем мора складае 345 м. Над узроўнем бліжэйшых рэк пагорак узвышаецца на 40—50 м.

Гара складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта лёсападобнымі пародамі (суглінкамі і супескамі), сфарміраванымі ў час апошняга, паазерскага зледзянення. Мае выгляд буйнога пакатага ўзвышэння. Паўднёва-заходнія схілы больш выразныя, стромкасцю да 5°, пад лесам; паўночныя і ўсходнія спадзістыя, да 2—1,5°, разараныя. Адносныя перавышэнні 30—35 м/км².

Каля падэшвы знаходзяцца вытокі Пцічы, Іслачы, Сулы і Усы. Выток Іслачы, ракі даўжынёй 102 км, за 1,4 км на паўночны ўсход ад вяршыні гары.

  1. Святая гара // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 275. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).