Перайсці да зместу

Мінскі лісток

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Мінскі лісток (1886))
«Мінскі лісток»
Арыгінальная
назва
руск.: Минский листок
Тып газета
Заснавана 2 (14) красавіка 1886
Спыненне публікацый 31 кастрычніка (13 лістапада) 1902
Мова руская
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Минский листок» (руск.: «Минскій листокъ») — першая ў Беларусі прыватная грамадска-палітычная газета ліберальна-асветніцкага кірунку. Выдавалася з 2(14 красавіка) 1886 да 31 кастрычніка (13 лістапада) 1902 года ў Мінску на рускай мове.

Выходзіла з рознай перыядычнасцю: з 1886 па 1896 гг. — 2 разы на тыдзень, з 1896—1898 гг. — штодзённа, з 1898 па 1902 гг. — 3 разы на тыдзень, у 1902 г. — 4 разы.

Заснавальнік і выдавец мінскі натарыус І. П. Фацінскі, які 7 лютага 1886 года пасля шматлікіх хадайніцтваў атрымаў дазвол на выданне газеты. На працягу існавання газеты выдаўцамі таксама былі І. П. Сілініч, В. М. Шчагляцьеў, К. І. Зіноўеў, М. П. Мысаўской, рэдактарамі — М. А. Іваноў, А. Я. Мацкевіч, С. М. Мацвееў, К. І. Зіноўеў, Ф. Ф. Каменскі, А. А. Фідлер, М. П. Мысаўской.

Кіраўнікі газеты дапускалі на старонках газеты памяркоўную апазіцыю да царскага рэжыму, а некаторыя з іх (І. П. Сілініч, К. І. Зіноўеў, М. П. Мысаўской), якія прытрымліваліся народніцкіх поглядаў, надалі выданню больш радыкальны кірунак.

У 1894—1897 гадах, калі газету ўзначальвалі І. П. Сілініч і К. І. Зіноўеў, царскія ўлады пачалі прымяняць рэпрэсіі ў выглядзе шматлікіх адміністрацыйных спагнанняў, канфіскацый асобных нумароў газеты. У 1896 годзе было надрукавана 194 нумары газеты, з іх 80 нумароў канфіскавала паліцыя; многія нумары выходзілі са значным спазненнем. 27 лютага 1897 года выданне газеты было прыпынена на восем месяцаў, К. І. Зіноўеў адхілены ад рэдагавання газеты. Толькі пасля вялікіх намаганняў удалося аднавіць яе выпуск, рэдактарам зноў стаў І. Фацінскі.

Рэдакцыя «Минского листка» супрацоўнічала з вучонымі, даследчыкамі культурнай спадчыны беларускага народа. У газеце друкаваліся гісторык і этнограф М. Доўнар-Запольскі, этнограф А. Слупскі, гісторык і археолаг У. Завітневіч, даследчык гісторыі, археалогіі, этнаграфіі і літаратуры М. Янчук і інш. Большасць артыкулаў публікаваліся пад псеўданімамі ці крыптанімамі, або зусім не падпісваліся. На старонках газеты можна было знайсці шматлікія карэспандэнцыі з месцаў, працы па гісторыі, этнаграфіі, мастацтвазнаўстве, матэрыялы філасофскага і сацыяльна-палітычнага зместу, творы мастацкай літаратуры.

16 мая 1889 года была ўпершыню апублікавана паэма «Тарас на Парнасе» (пад назвай «Тарас»), таксама публікаваліся творы К. Каганца, Я. Лучыны, беларускія народныя песні, легенды. Апублікаваннем гэтых твораў на беларускай мове газета спрыяла развіццю нацыянальнай літаратуры, выступала супраць забароны царскім урадам беларускамоўнага друку.

Газета надавала шмат увагі пытанням аб паходжанні беларускага народа, яго нацыянальнай своеасаблівасці, мове, вуснай народнай творчасці. Друкаваліся даследаванні па гісторыі і этнаграфіі Беларусі. На працягу 1887—1892 гг. былі апублікаваны даследаванні М. Доўнар-Запольскага «Ад Кіева да Рагачова», «Старадаўняя Беларусь», «Беларускае мінулае», «Доктар Францыск Скарына», урыўкі з нарыса «Беларускае вяселле ў культурна-рэлігійных перажытках». Сярод іншых публікацый: «Нарысы гісторыі Мінска» (1887, пад псеўд. І. Адпеты); нарысы А. Слупскага «Мінск і яго мінулае» (1886), «Унія ў Мінску» (1889), «Князь вешчуноў» (1892), «Стары Мінск» (1895); Д. Бохана «Мінск і мінчане» (1902).

Значную частку этнаграфічных публікацый складалі аналітычныя артыкулы, прысвечаныя праблемам вывучэння карэннага насельніцтва, у тым ліку працы М. Доўнар-Запольскага «Сватаўство і дружына жаніха ў беларускім вяселлі» (1892, № 57), «Сонейка і месяц у беларускай вясельнай паэзіі» (1894, № 80); А. Багдановіча «Нарыс становішча жанчыны ў сялянскім асяроддзі беларускага краю» (1886, № 39), «Педагагічныя погляды беларускага народа» (1886, № 61), «Перажыткі ў светасузіранні беларусаў» (1894, № 76); Д. Мейчыка «Пра крыніцы мясцовага звычаёвага права» (1886, № 17); палемічны артыкул невядомага аўтара (крыптанім Б-скі К.) «Беларуская гаворка або беларуская мова?» (1893 № 20).

Этнаграфічныя матэрыялы часта мелі характар падарожных нататак, напрыклад даследаванні М. Янчука «З навуковай вандроўкі ў Беларусь» (1886, № 71, 73; 1887, № 2, 3, 6, 7, 9-11, 14, 16, 19, 21, 70, 89); А. Слупскага «Вандроўка на Свіцязь» (1892, № 55); М. Доўнар-Запольскага «Вандроўка па Беларусі» (1898, № 8).

Частка артыкулаў, аўтарства якіх невядомае, прысвечана апісанню традыцыйных святаў і абрадаў беларусаў «Сёмуха» (1886, № 18), «Грамніцы» (1893, № 13), «Ігрышча» (1894, № 84).

Пад увагу даследчыкаў папалі асобныя творы фальклору: «Легенда пра заснаванне Мінска» (1893) А. Слупскага; «З вобласці замоў» (1892, № 95) Я. Ляцкага; невядомых аўтараў: «Легенда пра тытунёвае зелле» (1893, № 85), «Святочныя гутаркі» (1891, № 103).

Мясцовы сялянскі побыт адлюстраваны ў артыкулах Я. Ляцкага «Альхаввецкія лісты» (1892, № 47, 68); І. Марцінкевіча «Па правінцыі. З галіны мясцовага звычаёвага права» (1892, № 54); невядомых аўтараў: «Трасца. Бытавы нарыс» (1894, № 74); «Наш край (эканамічны побыт сялян, каўтун)» (1892 № 17); «Наш край. Нататка пра адносіны насельніцтва да этнографаў» (1894 № 81, 97).

М. Доўнар-Запольскі і М. Янчук друкавалі шматлікія рэцэнзіі на кнігі пра Беларусь. Станоўчую ацэнку атрымалі «Беларускія зборнікі» Е. Раманава, «Агляд гукаў і форм беларускай мовы» Я. Карскага, «Матэрыялы для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» П. Шэйна, «Беларускае мінулае» А. Пыпіна і шэраг іншых работ.

На сваіх старонках газета знаёміла чытачоў з творчасцю Б. Пруса, Э. Ажэшкі, М. Канапніцкай, Гі дэ Мапасана, Э. Заля, А. Чэхава, А. Астроўскага, М. Гогаля, І. Тургенева, М. Горкага ды іншых.

У 1902 годзе «Минский листок» быў пераўтвораны ў газету «Северо-Западный край».

Зноскі