Тэмпера
Тэ́мпера (італ.: tempera, ад лацінскага temperare — змешваць фарбы) — фарбы, прыгатаваныя на аснове сухіх парашковых натуральных пігментаў і/ці іх сінтэтычных аналагаў. Звязуючым рэчывам тэмперных фарбаў служаць эмульсіі — натуральныя (разведзены вадой жаўток курынага яйка, сок раслін, рэдка — толькі ў фрэсках — нафта) ці штучныя (высыхаючыя алеі ў водным растворы клею, палімеры).
Тэмперны жывапіс разнастайны паводле прыёмаў і фактуры, ён уключае ў сябе як пісьмо тонкім слоем, лесіроўкамі, так і густое пастознае пісьмо.
Тэмперныя фарбы — адны з найстаражытнейшых. Да вынаходніцтва алейных фарбаў аж да XV—XVII стагоддзяў тэмперныя фарбы былі асноўным матэрыялам станковага жывапісу. Гісторыя выкарыстання тэмперных фарбаў налічвае больш за 3 тысячы гадоў. Так, знакамітыя роспісы саркафагаў старажытнаегіпетскіх фараонаў выкананы тэмпернымі фарбамі. Тэмперным быў станковы жывапіс візантыйскіх майстроў.
Цяпер прамысловым спосабам вырабляюць два віды тэмперы: казеінава-масляная (звязуючым з’яўляецца водны раствор казеіну з дабаўкамі), полівінілацэтатная (ПВА, звязуючы — эмульсія сінтэтычнай полівінілацэтатнай смалы) і акрылавая (звязуючы сродак — дысперсія на аснове поліакрылатаў). Тэмпера на аснове ПВА больш простая ў выкарыстанні, разводзіцца вадой, не жаўцее, але яе істотны недахоп заключаецца ў тым, што яна мае тэндэнцыю да растрэсквання. У сувязі з гэтым даўгавечнасць рэстаўрацыі, выкананай тэмперай з ПВА, заўсёды выклікае вялікія сумненні. Падчас высыхання тэмпера змяняе тон і колер, паверхня твораў, выкананых у гэтай тэхніцы матавая, аксаміцістая. Казеінава-масляная і акрылавая тэмперы такіх нараканняў не выклікаюць.
Высахшая фарба вадаўстойлівая, таму тэмпера выкарыстоўваецца ў манументальным жывапісе. У гандлёвай сетцы прапануецца шырокі асартымент сухіх пігментаў для самастойнага прыгатавання з іх тэмперных фарбаў; тэмпера, прыгатаваная самім мастаком па нескладаных тэхналогіях непасрэдна перад яе выкарыстаннем у працы, з’яўляецца найбольш якасным і даўгавечным фарбавым матэрыялам, што пацвяржаецца практыкай на працягу стагоддзяў.
Тэмпера па леўкасу на драўлянай аснове з выкарыстаннем натуральных пігментаў — традыцыйная тэхніка іканапісу, дзе яна выкарыстоўваецца прыгатаванай на жаўтку ці сумесі жаўтка з вараным алеем ці алейным лакам. Па ўвільготненай тынкоўцы тэмперай з старажытных часоў выконваюцца насценныя роспісы.