Браніслаў Залескі
Браніслаў Залескі лац. Branisłaŭ Zaleski | |
Дата нараджэньня | 1819[1][2][3][…] або 9 (21) чэрвеня 1820 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 2 студзеня 1880[1] |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | сухоты |
Месца вучобы | |
Занятак | маляр, пісьменьнік, журналіст, біёграф |
Месца працы | |
Псэўданімы | Litwin[4] |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Залескі.
Бранісла́ў Фра́нцавіч Зале́скі (21 чэрвеня 1820, мястэчка Вызна, Слуцкі павет Менскай губэрні, Расейская імпэрыя — 2 студзеня 1880, Мэнтона, Францыя) — беларускі і польскі мастак, пісьменьнік. Сябра-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі мастацтваў (1873)[5].
Карыстаўся псэўданімам «Lićwin»[6][7][8] (чым засьведчыў традыцыйнае беларускае вымаўленьне гістарычнай саманазвы беларусаў) поруч з польск. «Litwin»[9].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў з шляхты. Атрымаў хатнюю адукацыю, прайшоў курс гімназіі. У 1837 годзе паступіў у Дэрпцкі ўнівэрсытэт, браў удзел у нелегальных студэнцкіх гуртках. У наступным годзе за ўдзел у гуртку польскіх студэнтаў, зьвязаным з кансьпіратыўнай арганізацыяй Шымана Канарскага, арыштаваны ўладамі Расейскай імпэрыі. Па двух гадох зьняволеньня высланы ў Чарнігаў (высылка працягвалася да 1845 году).
Адбыўшы пакараньне, пасяліўся ў Вільні і наладзіў зьвязак з удзельнікамі вызвольнага руху. У 1846 годзе другі раз арыштаваны расейскімі ўладамі, высланы служыць шарагоўцам у Асобным Арэнбурскім корпусе. У 1848—1856 гадох служыў у другім, чацьвертым і дзявятым лінейных батальёнах.
У лістападзе 1849 году ў Арэнбурзе пазнаёміўся і пасябраваў з Тарасам Шаўчэнкам, яны ліставаліся ў 1853—1859 гадох. У гэты час украінскі мастак намаляваў Браніслава Залескага на карціне «Шаўчэнка сярод таварышаў».
Пазьней «за выдатна дбайную службу» атрымаў годнасьць унтэр-афіцэра. У 1853 годзе, вызначыўшыся пад Ак-Мячэтам, стаў афіцэрам, а 12 чэрвеня 1856 году звольніўся з службы маючы годнасьць прапаршчыка.
Вярнуўся на Радзіму, у колішняе Вялікае Княства Літоўскае. Жыў у радавым маёнтку Рачкавічах пад Слуцкам, таксама ў Дараве пад Баранавічамі, у Менску, каля Горадні. Служыў у рэдакцыйных камісіях (у Менску і Маскве), якія ажыцьцяўлялі падрыхтоўчую працу да сялянскай рэформы 1861 году.
У пачатку 1860 году атрымаў дазвол на выезд за мяжу і ўжо не вярнуўся ў Расейскую імпэрыю. Жыў у Дрэздэне, Рыме і Парыжы. За мяжой падтрымліваў зьвязак з рэвалюцыйнымі арганізацыямі. Сярод іншага, у 1863 годзе дапамагаў закупіць зброю для ўдзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў.
З 1866 году быў сакратаром Гістарычна-літаратурнага таварыства і рэдактарам «Штогоднікаў Гістарычна-літаратурнага таварыства» (польск. Rocznik Towarzystwа Historyczno-Literackiego). Быў сябрам Польскай акадэміі ведаў. З 1873 году сябар-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі мастацтваў.
У 1868 годзе стаў дырэктарам Польскай бібліятэкі ў Парыжы.
Ажаніўся зь Міхалінай, дачкой Міхала Дзяконскага, якая атрымала ў спадчыну маёнтак Красьнік[10].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рабіў малюнкі для Віленскага альбому, які выдаваўся ў 1848—1860-х гадох. Стварыў шэраг малюнкаў пра нацыянальна-вызвольнае паўстаньне 1863—1864 гадоў («Серакоўскі ў турме», 1863 ды іншыя). Выпусьціў ілюстраваныя выданьні «Жыцьцё кіргіскіх стэпаў» (на францускай мове, 1865, Парыж), «Польскія выгнаньнікі ў Арэнбургу» (польск. Wygnańcy polscy w Orenburgu, 1866). Таксама стварыў афорты «Калізэй у Рыме», «Від Сэн-Мало», пэйзажы («Паток у Тыролі»).
Аўтар і выдавец біяграфічных і мэмуарных працаў, прысьвечаных Адаму Ежы Чартарыйскаму, Гераніму Кайсевічу і Людвіку Арпішэўскаму. Аўтар працаў «Скасаваньне прыгоньніцтва ў Літве» 1868), «З жыцьця ліцьвінкі» (пра мастачку Алену Скірмунт, 1876). Пісаў успаміны.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Michał Zaleski, Bronisław Zaleski. Pamiętniki Michała Zaleskiego, wojskowego wielkiego ksiestwa Litewskiego, posła na Sejm czteroletni, 1879.
- Z źycia Litwinki 1827—1874: Z listów i notatek zloźył Bronisław Zaleski. 1876. Беларускі пераклад: «З жыцця літвінкі» (пра Гелену Скірмунт). Менск, 2009.
- La vie des Steppes Kirghizes. Paris, J. B. Vasseur, 1865. Пераклад з францускай: Залесский, Бронислав. Қазақ сахарасына саяхат: Алматы: ӨНЕР, 1991. — 131 бет.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Bronislaw Zaleski // Benezit Dictionary of Artists (анг.) — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
- ^ Bronislaw Zaleski // British Museum person-institution thesaurus
- ^ Bronisław Zaleski // CERL Thesaurus (анг.) — Consortium of European Research Libraries.
- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 6. С. 513.
- ^ Шыцька Я. З жыцця літвіна. Браніслаў Залескі: творца і барацьбіт // Літаратура і мастацтва. № 24, 2020. С. 11.
- ^ Woynarowska M. Dziewiętnastowieczna epistolografia // Gość Sandomierski. Nr. 48, 2021.
- ^ Pociask-Karteczka J. Tajemnica pewnego grobu // Tatry. Nr. 65, 2018. S. 158.
- ^ Bronislovas Zaleskis, Visuotinė lietuvių enciklopedija
- ^ Папко В. Род Дзяконскіх — галіна Яна Валынца // Герольд Litherland. № 18. 2011. С. 108.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0