Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны
Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны | |
наркам. Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны | |
Абрэвіятура | ННАЦ |
---|---|
Наступнік | Інстытут культуры Беларусі |
Дата ўтварэньня | 1991 |
Дата спыненьня існаваньня | 2004 |
Тып | асьветная |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | разьвіцьцё беларускай культуры |
Штаб-кватэра | Цэнтральны раён, Рэвалюцыйная вул., д. 15 |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Каардынаты | 53°54′6″ пн. ш. 27°33′1″ у. д. / 53.90167° пн. ш. 27.55028° у. д.Каардынаты: 53°54′6″ пн. ш. 27°33′1″ у. д. / 53.90167° пн. ш. 27.55028° у. д. |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
Кіраўніца | Любоў Уладыкоўская-Канаплянік |
Намесьнік | Ігар Захаранка |
Навуковая сакратарка | Вераніка Каламійцава[1] |
Асноўныя асобы | Уладзімер Конан, Адам Мальдзіс, Генадзь Цыхун |
Матчына кампанія | Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт |
Зьвязаныя кампаніі | Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Тэрміналягічная камісія, Скарынаўскае брацтва |
Колькасьць супрацоўнікаў | 24 (2004 год)[2] |
Сайт | skc.edu.by |
Нацыяна́льны навуко́ва-асьве́тны цэ́нтар імя́ Франці́шка Скары́ны (Скары́наўскі цэ́нтар) — дзяржаўная ўстанова адукацыі Беларусі, якая існавала ў 1991—2004 гадох.
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўныя напрамкі дзейнасьці:
- гісторыя і тэорыя беларускай культуры;
- распрацоўка беларускай тэрміналёгіі;
- праблемы выяўленьня, вяртаньня ды супольнага выкарыстаньня беларускіх матэрыяльных і духоўных каштоўнасьцяў, што знаходзяцца па-за межамі краіны;
- стварэньне інфармацыйнага банку ў галіне адукацыі, навуцы, гісторыі, культуры, рэлігіі Беларусі ды інш.
Пры Нацыянальным цэнтры з 1991 року дзейнічала Міжнародная асацыяцыя беларусістаў[3].
З 1993 року ў Цэнтры зьбіралася інфармацыйная база зьвестак у дзесяці галінах:
- адукацыя;
- гісторыя;
- дыяспара;
- краязнаўства;
- культура;
- навука;
- нацыянальныя супольнасьці;
- пэрсаналіі;
- рэстытуцыя;
- сувязі паміж культурамі Беларусі і замежных краінаў[4].
У 1993 року ў Цэнтры была створаная бібліятэка з калекцыяй выданьняў беларускай дыяспары, фонды якой папаўняліся за кошт падарункаў, па кнігаабмене, з дапамогай сувязяў Цэнтру з аб’яднаньнямі беларусаў замежжа[3]. Самыя раньнія беларускамоўныя выданьні ў калекцыі — кнігі ваеннага і паваеннага часоў (1940-я рокі), надрукаваныя ў лягерох для перамешчаных асобаў[5]. Найбольшую частку складалі беларускія выданьні ў ЗША.
На аснове сабранай базы Скарынаўскі цэнтар выдаў шасьцітомны энцыкляпэдычны даведнік „Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах“ (2000), сем зборнікаў „Вяртаньне“, 29 зборнікаў „Беларусіка-Albaruthenica“, каля сотні нумароў інфармацыйна-аналітычнага бюлетэню „Кантакты і дыялёгі“, зборнікі, прысьвечаныя культурнаму ўзаемадзеяньню краінаў і народаў[6].
З сабраных з дапамогай беларусаў з усяго сьвету карцін, скульптураў, тканін, дакумэнтаў, кніг ды іншых прадметаў у 1993 року быў створаны музэй „Беларусь ў сьвеце“[7]. Пры перадачы збораў музэю пэдагагічнаму ўнівэрсытэту частка экспанатаў зьнікла[8].
Супраца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сумесныя дасьледаваньні з Скарынаўскім цэнтрам ладзілі звыш 200 беларусазнаўцаў з 23 краінаў Азіі, Паўночнай Амэрыкі і Эўропы. Супрацоўнічалі з навуковымі ўстановамі Ізраілю і ЗША (Беларускі інстытут навукі і мастацтва), а таксама такіх краінаў Эўропы, як Латвія, Летува, Польшча (Варшаўскі ўнівэрсытэт і Інстытут Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў Любліне), Расея (Інстытут славяназнаўства і балканістыкі РАН) і Ўкраіна, Ангельшчына (Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны), Баўгарыя, Італія, Нямеччына і Францыя. Да 2002 году зладзілі 45 міжнародных навуковых канфэрэнцыяў і выдалі 40 кніг. Сумесна зь «Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў» зладзілі 3 міжнародныя кангрэсы беларусістаў[9].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2004 год Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны (ННАЦ) налічваў 6 аддзелаў:
- гісторыі і тэорыі беларускай культуры;
- праблемаў хрысьціянства і нацыянальнага разьвіцьця;
- культурных узаемасувязяў і беларускай дыяспары;
- сацыяльна-палітычнай культуры і грамадзкай думкі Беларусі;
- беларускай навуковай тэрміналёгіі;
- інфармацыйна-асьветніцкі.
Сярод загаднікаў аддзелаў былі кандыдат гістарычных навук Сяргей Віцязь, доктар філязофскіх навук Уладзімер Конан, доктар фізыка-матэматычных навук Генадзь Пятроўскі і прафэсар Генадзь Цыхун. Таксама навуковымі супрацоўнікамі былі дактары навук Анатоль Грыцкевіч, Мікалай Крукоўскі і Леанід Лыч. У Скарынаўскім цэнтры працавала бібліятэка, якая ўлучала: рукапісны фонд, 2) збор выданьняў беларускай дыяспары; 3) фонд фота- і фонадакумэнтаў; 4) дасье выразак з пэрыёдыкі; 5) картатэку постацяў, паселішчаў, краінаў, дыяспары і рэстытуцыі; 6) кампутарную базу зьвестак; 7) пастаянную выставу «Беларусы ў сьвеце» з больш як 2000 экспанатаў. На захоўваньні знаходзіліся мастацкія творы Валерыя Дзевіскібы, Яна Кузьміцкага, Пятра Мірановіча, Галіны Русак, Тамары Стагановіч і Вячкі Целеша. Пры ННАЦ дзейнічалі: грамадзкае аб’яднаньне «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў» («МАБ»), Тэрміналягічная камісія Міністэрства адукацыі Беларусі і Скарынаўскае брацтва[10].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ідэя стварэньня Інстытуту Беларусі зьявілася ў прафэсара Адама Мальдзіса, пабачыўшы дзейнасьць Славацкай маціцы[11]. Навукова-асьветны цэнтар (ННАЦ) быў створаны ў 1991 року па рашэньні ЦК КПБ у рамках мерапрыемстваў, прысьвечаных 500-годзьдзю беларускага першадрукара Францішка Скарыны[12]; Адам Мальдзіс стаў ягоным першым дырэктарам. Сьпярша ННАЦ дзейнічаў пры Інстытуце літаратуры Акадэміі навук. Разьмяшчаўся ў Менску па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 15[13] — у тым самым будынку, дзе за савецкім часам дзейнічаў Інбелкульт.
З 1993 року Цэнтар быў перададзены з Акадэміі навук у падпарадкаваньне Міністэрства адукацыі[14]. Гэта абмежавала магчымасьці ягонай дзейнасьці, у якую ўваходзіла далёка не адукацыя[12][15]. У 2002 року празь недахоп фінансаваньня Цэнтар быў вымушаны скараціць штат супрацоўнікаў да 20 чалавек (на 40%)[16].
У 2004 року Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар стаў структурным падразьдзяленьнем пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка, пазбавіўшыся рэгістрацыі як юрыдычная асоба[14].
Пасьля канчатковай ліквідацыі зборы Цэнтру былі схаваныя, картатэкі і друкаваныя выданьні перададзеныя на захаваньне ў Нацыянальную бібліятэку[17] і Музэй літаратуры і мастацтва[18][19], экспанаты музэю „Беларусы ў сьвеце“ — у Нацыянальны гістарычны музэй[6]. Пазьней частка сабраных збораў, датычная беларускай дыяспары, перададзеная ў Інстытут культуры Беларусі(d)[20].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Адам Мальдзіс (1991 — сьнежань 1998)
- Любоў Уладыкоўская-Канаплянік (сьнежань 1998 — чэрвень 2004)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Каардынаты // Скарынаўскі Цэнтар, 2004 г. Архіўная копія ад 25 ліпеня 2008 г. Праверана 29 ліпеня 2021 г.
- ^ Навуковыя супрацоўнікі // Скарынаўскі Цэнтар, 2004 г. Архіўная копія ад 25 ліпеня 2008 г. Праверана 29 ліпеня 2021 г.
- ^ а б Крывашэй 2019. С. 302.
- ^ А. Мальдзіс 2012. С. 61.
- ^ Дзенісенка 2020. С. 256.
- ^ а б А. Мальдзіс 2012. С. 62.
- ^ Серадзюк, Дзіяна (19 ліпеня 2013) „Мы павінны думаць аб узеамаразуменьні“ Культура, Ідэі і людзі. „Звязда“. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
- ^ Серадзюк, Дзіяна (30 ліпеня 2013) Другое жыцьцё „Беларусаў у сьвеце“ Грамадзтва. „Звязда“. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
- ^ Супраца // Скарынаўскі Цэнтар, 2004 г. Архіўная копія ад 25 ліпеня 2008 г. Праверана 29 ліпеня 2021 г.
- ^ Структура // Скарынаўскі Цэнтар, 2004 г. Архіўная копія ад 25 ліпеня 2008 г. Праверана 29 ліпеня 2021 г.
- ^ Генадзь Цыхун: „Вайтовіч падтрымлівае такую ідэю“ Архіў. Наша Ніва (24 кастрычніка 2002). Праверана 28 ліпеня 2021 г. Архіўная копія ад 25 красавіка 2020 г.
- ^ а б Прыгодзіч, Зіновій (27 жніўня 2015) Адам Мальдзіс: „Беларуская цывілізацыя мае даўнія традыцыі“ Культура, Літаратура. „Звязда“. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
- ^ Гістарычная забудова XIX стагодзьдзя. Будынак №15 (Інбелкульт) Гістарычныя замалёўкі. Мінская спадчына. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
- ^ а б Сьмялоўская, Ялянта (7 красавіка 2004) Ліквідацыя Цэнтра імя Ф. Скарыны ў Менску. Польскае радыё. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
- ^ Аксак, Валянціна (25 студзеня 2001) Націск на Скарынаўскі цэнтар Сёньня на Свабодзе. [[Свабода (радыё)|]]. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
- ^ Абакунчык, Галіна (30 красавіка 2002) Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны скарачае амаль палову супрацоўнікаў Сёньня на Свабодзе. Радыё „Свабода“. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
- ^ Дзенісенка 2020. С. 254—255.
- ^ Крывашэй 2019. С. 303.
- ^ Сьпіс фондаў Фонды. Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
- ^ А. Мальдзіс 2012. С. 63.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дзенісенка А. П. Беларускамоўныя замежныя выданні ў калекцыі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: агляд / склад. Т. А. Сапега, А. А. Суша, К. В. Суша // Нацыянальная бібліятэка Беларусі Матэрыялы XVI Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, Мінск, 15 мая 2020. — Мн.: Беларуская навука, 2020. — С. 254—260. — ISBN 978-985-7235-27-8.
- Д. А. Крывашэй. Беларуская дыяспара ў культурнай палітыцы Рэспублікі Беларусь (1990—2017) // Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. — Мн.: 2019. — Т. 64. — № 3. — С. 299—311. — ISSN (Print), 2524—2377 (Online) 2524—2369 (Print), 2524—2377 (Online).
- Адам Мальдзіс. Ад Інбелкульта да „Інбелкульта“. Інфармацыйнае забеспячэнне Інстытута беларускай культуры і айчыннай культуры ў цэлым // Культура Беларусі: рэаліі сучаснасці. — Мн.: БДУКМ, 2012. — В. (I). — С. 59—66.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |