Перайсьці да зьместу

Расстралянае адраджэньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Расстраля́нае адраджэ́ньне (па-ўкраінску: Розстріляне відродження), таксама Чырвоны рэнэсанс (па-ўкраінску: Червоний ренесанс)[1] — духоўна-культурнае і літаратурна-мастацкае пакаленьне 20-х гг. XX ст. ва Ўкраіне, якое дало высокамастацкія творы ў галіне літаратуры, філязофіі, жывапісу, музыкі, тэатру, і якое было зьнішчана ў час сталінскіх рэпрэсій[2][3].

Кульмінацыяй рэпрэсій стаў расстрэл 3 лістапада 1937 году. У гэты дзень былі расстраляныя Лесь Курбас, Мікола Куліш, Мацьвей Яворскі, Уладзімер Чахоўскі, Валяр'ян Падмагільны, Павел Філіповіч, Валяр'ян Палішчук, Клім Палішчук, Рыгор Эпік, Міраслаў Ірчан, Марк Вараны, Міхаіл Казарыс, Алекса Слісарэнка, Міхаіл Ялавы і іншыя — усяго больш за сто прадстаўнікоў украінскай інтэлігенцыі. Да гэтага былі арыштаваны і пакараны сьмерцю мастакі-манумэнталісты браты Цімафей і Міхаіл Байчукі і мастакі іх кола, рух якіх вядомы ў мастацтвазнаўстве як «байчукізм».

Тэрмін «расстралянае Адраджэньне» ўпершыню прапанаваў літаратуразнавец Юры Лаўрыненка[2], выкарыстаўшы яго як назву для лепшых тэкстаў украінскай паэзіі і прозы 1920—1930-х гадоў. Пад гэтай назвай у 1959 годзе ў Парыжы пад рэдакцыяй Лаўрыненкі (з удзелам Юрыя Шавялёва-Шэраха і іншых) выйшла анталёгія ўкраінскай паэзіі і прозы 1917—1933 гадоў. У яе ўвайшлі творы ня толькі расстраляных у літаральным сэнсе слова, але і тых, хто перайшоў да афіцыёзнай літаратуры і стаў сьпяваць дыфірамбы палітыцы СССР: (Паўло Тычына, Мікола Бажан), знаходзіўся ў зьняволеньні (Барыс Антаненка-Давыдавіч, Астап Вішня, Максім Рыльскі). Шмат з тых, чые творы патрапілі ў анталёгію, яшчэ жылі ў той час.

Юры Лаўрыненка стаў ужываць тэрмін з 1944—1945-х гадоў, але ў сталым звароце ён пачаў выкарыстоўвацца пасьля выданьня ў 1959 годзе аднайменнай анталёгіі[3].

Літаратурныя аб’яднаньні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўнымі літаратурнымі аб’яднаньнямі былі «Ланка» (пазьней «МАРС»), «Плуг», неаклясікі «Молодняк», «Заходняя Ўкраіна», ЛОЧАФ (аб’яднаньне арміі і флёту). Самым уплывовым быў «Гарт», на аснове якога пазьней была створана ВАПЛІТЕ («Вільна Академія Пролетарської Літератури»).

Менавіта ВАПЛІТЕ ў асобе Міколы Хвылявага пачало знакамітую літаратурную дыскусію 1925—1928-х гадоў і перамагло ў ёй, даказаўшы наяўнасьць і неабходнасьць нацыянальнай, спэцыфічнай украінскай літаратуры, арыентаванай на Эўропу, а не на СССР.

Галоўнымі апорамі новай эліты былі бунт, незалежнасьць мысьленьня і шчырая вера ва ўласныя ідэалы. У большасьці сваёй гэта былі інтэлектуалы, які мелі свой асаблівы паход, які рабіў стаўку на асобу, а не на масу. За сваёй «савецкасьцю» яны хавалі пошукі і пытаньні.

Прозу гэтых пісьменьнікаў можна падзяліць на дзьве часткі: сюжэтная і бесьсюжэтная. У бесьсюжэтнай галоўным было не фраза ці слова, а падтэкст, «пах слова», як сказаў Хвылявы. Стыль моцных пачуцьцяў і пранікненьне ў сутнасьць зьяваў называецца нэарамантызмам ці экспрэсіянізмам. У гэтым кірунку працавалі Мікола Хвылявы, Юры Яноўскі, Андрэй Галаўко, Юліян Шпол, Алекса Улызько, Лесь Курбас, Мікола Куліш і шмат іншыя.

Галоўная ідэя навэлы «Я (Рамантыка)» Хвылявага — расчараваньне ў рэвалюцыі, супярэчнасьці і падваеньне чалавека таго часу. Галоўны пэрсанаж — чалавек без імя, а значыцца, без індывідуальнасьці, без душы. Дзеля ідэі рэвалюцыі ён забівае сваю маці і мучыцца думкай: ці вартая рэвалюцыя такой ахвяры.

У рамане Валяр’яна Підмагільнага «Горад» («Місто») упершыню ва ўкраінскай літаратуры выявіліся элемэнты філязофіі экзыстэнцыялізму. Галоўны герой у жаданьні асалоды ідзе ад задавальненьня фізычнага да найвышэйшых рэлігійных патрабаваньняў. Аднак нават у такой складанай тэматыцы пісьменьнік не ператварае раман у просты выклад «агульначалавечай» філязофіі, а творча асэнсоўвае яе ў прымяненьні да ўкраінскага нацыянальнага сьветаадчуваньня.

У паэзіі самымі цікавымі зьяўляюцца пошукі сымбалістаў Аляксандра Алеся і Паўла Тычыны. У сваім зборніку «Сонячні кларнети» Тычына адлюстраваў усю шырату любові да ўкраінскай прыроды, духу незалежнасьці.

Калі савецкія ўлады зразумелі, што адбываецца, пачаліся ціск і рэпрэсіі. Канфлікт з савецкай ідэалёгіяй паставіў перад паэтамі выбар: самагубства (Хвылявы), рэпрэсіі і канцлягеры (Б. Антаненка-Давыдовіч, Астап Вішня), замоўчваньне (І. Баграны, В. Дамантовіч), эміграцыя (У. Віньнічэнка, Яўген Маланюк) ці напісаньне праграмных твораў для праслаўленьня партыі (Паўло Тычына, Мікола Бажан). Большасьць ж дзеячаў мастацтва была рэпрэсаваная і расстраляная.

Калі ў 1947 годзе Іван Баграны выдаў за мяжой паэтычны зборнік «Золотий бумеранг», яго другой назвай стала «Рештки загубленого, репресованого та знищеного». Творы здаваліся ў спэцховы, забараняліся, бо супярэчылі ідэі сацыялізму. Хоць некаторыя існавалі ў самвыдаце (Іван Баграны), рукапісных копіях, выдавалі за граніцай.

Маштабы рэпрэсіяў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачаткам масавага зьнішчэньня ўкраінскай інтэлігенцыі лічыцца травень 1933 г., калі 12-13 траўня адбыліся арышт Міхаіла Ялавога і самагубства Мікалая Хвылявога, у нядобрай памяці Харкаўскім доме «Слова».

Кульмінацыяй дзеяньняў савецкага рэпрэсіўнага рэжыму сталі масавыя расстрэлы «контррэвалюцыянэраў», учыненыя напярэдадні 20-годзьдзя кастрычніцкага перавароту. Так, 3 лістапада 1937 году ў ўрочышчы Сандармох (Карэлія) па пастанове тройкі пакаралі сьмерцю вялікую групу зьняволеных Салавецкага лягеру. У сьпісе «ўкраінскіх буржуазных нацыяналістаў», расстраляных 3 лістапада, былі Лесь Курбас, Мікола Куліш, Мацьвей Яворскі, Уладзімер Чэхаўскі, Валяр’ян Підмагільны, Павал Філіповіч, Валяр’ян Палішчук, Рыгор Эпік, Міраслаў Ірчан, Марко Вараный, Міхаіл Казорыс, Олекса Сьлісарэнка, Міхайла Яловый і іншыя. Усяго ў адзін дзень па пастанове несудовых органаў былі пакараныя дзясяткі прадстаўнікоў украінскай інтэлігенцыі — цьвет ўкраінскай нацыі.

Невядомыя дакладныя дадзеныя па колькасьці рэпрэсаваных ўкраінскіх інтэлігентаў у часы сталінскіх рэпрэсій пэрыяду расстралянага адраджэньня. Па некаторых дадзеных гэта колькасьць дасягала 30000 чалавек[4].

Затое, дастаткова проста вызначыць прыкладную колькасьць рэпрэсаваных асобаў сярод пісьменьнікаў: па наяўнасьці іх публікацыяў у пачатку і напрыканцы 1930-х. Так, па ацэнцы Аб’яднаньня ўкраінскіх пісьменьнікаў «Слова» (арганізацыі ўкраінскіх пісьменьнікаў у эміграцыі), якую даслалі 20 сьнежня 1954 Другому Ўсесаюзнаму зьезду пісьменьнікаў, ў 1930 годзе друкаваліся 259 украінскіх пісьменьнікаў, а ўжо пасьля 1938 году — зь іх друкаваліся толькі 36 (13,9%). Па дадзеных арганізацыі, 192 з «зьніклых» 223 пісьменьнікаў былі рэпрэсаванымі (расстралянымі або сасланыя ў лягеры з магчымым наступным расстрэлам або сьмерцю), 16 — зьніклі бязь вестак, 8 — зьдзейсьнілі самагубства[5].

Гэтыя дадзеныя добра стасуюцца з мартыралёгам ўкраінскіх пісьменьнікаў «Алтар смутку» (галоўны складальнік — Олекса Мусіенка), які налічвае 246 пісьменьнікаў-ахвяр сталінскага тэрору. Гэты лік больш чым два разы перавышае агульную колькасьць згаданых там украінскіх пісьменьнікаў рэпрэсаваных іншымі рэжымамі, у тым ліку ў пэрыяд нацысцкай акупацыі (55), брэжнеўскай эпохі (29), Расейскай імпэрыі (11), Аўстра-Вугоршчыны (3) і інш. [7] Па іншых дадзеных, з 260 украінскіх пісьменьнікаў было рэпрэсаваны 228[6].

Для параўнаньня таксама варта адзначыць, што на чэрвень 1934 году толькі 193 чалавекі было афіцыйна прызнана прыналежнымі да Саюзу пісьменьнікаў Украіны, зь якіх 120 былі яе паўнапраўнымі сябрамі.

  1. ^ напрыклад: Життя і смерть Миколи Хвильового. Від комуніста до комунара
  2. ^ а б «Розстріляне відродження» // Літературознавча енциклопедія. — К.: Академія, 2007. — Т. 2. — С. 340.
  3. ^ а б Рубльов О. С. «Розстріляне відродження» // Енциклопедія історії України. — К.: Наукова думка, 2012. — Т. 9. — С. 266.
  4. ^ Червоний ренесанс. Фільм третій: Безодня (1930—1934). — Кіностудія «Контакт». 2004. — 12:06/51:33.
  5. ^ Юрій Лавріненко Розстріляне відродження: Антологія 1917—1933. — Київ: Смолоскип, 2004.
  6. ^ Червоний ренесанс. Фільм третій: Безодня (1930—1934). — Кіностудія «Контакт». 2004. — 47:01/51:33.
  • Архів розстріляного відродження: матеріали архівно-слідчих справ українських письменників 1920—1930-х років / Упор. О. та Л. Ушкалови. — К.: Смолоскип, 2010. — 456 с.
  • Лавріненко Ю. Розстріляне відродження: Антологія 1917—1933. Поезія — проза — драма — есей. Paris, Instytut Literacki, 1959 // К.: Просвіта, 2001. — 794 с; К.: Смолоскип, 2007. — 976 с ISBN 978-966-8499-79-1
  • Ленская С. В. Забытая украинская проза 1920-х годов // Уральский филологический вестник. Серия: Русская литература XX—XXI веков: направления и течения. — 2013. — № 2. — С. 118—128.
  • Ленская С. В. Украинская новеллистика «Расстрелянного возрождения»: проблема размывания жанровых границ в малой прозе // Политическая лингвистика. — 2013. — № 1. — С. 164—169.
  • Ленская С. В. Элементы экспрессионистической поэтики в украинской новеллистике 1920-х г. // Вестник ВГУ. Серия: Филология. Журналистика. — 2014. — № 1. — С. 65—69.
  • «Розстріляне відродження» // Літературознавча енциклопедія. — К.: Академія, 2007. — Т. 2. — С. 340.
  • Рубльов О. С. «Розстріляне відродження» // Енциклопедія історії України. — К.: Наукова думка, 2012. — Т. 9. — С. 265—266.
  • Шестопалова Т. Конструкт історії літератури в науково-критичній думці Ю. Лавріненка // Філологічні семінари. — 2010. — №. 13. — С. 127—133.