Буравеснікападобныя, трубканосыя (Procellariiformes) — атрад марскіх птушак.
Выдзяляюцца 4 сямействы: альбатросы, буравеснікавыя, качуркавыя, ныраючыя буравеснікі; 23 роды, каля 100 відаў. Пашыраны на ўсіх акіянах і вялікіх морах. Ёсць у Арктыцы і Антарктыцы, шмат відаў трапляецца ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна, у т.л. буравеснік стракататворы.
Даўжыня 14—150 см, маса 0,04—12 кг, размах крылаў 0,3—3,5 м. Апярэнне чорна-белае або бура-белае. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба выцягнутая, на канцы кручкападобная, зверху ноздры ў асобных трубачках. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай. Добра лятаюць, трымаюцца адкрытага мора, на сушы толькі размнажаюцца. Гняздуюцца калоніямі. Яйцы кладуць на зямлю або ў шчыліны паміж камянёў. Кормяцца марскімі беспазваночнымі, рыбай, адкідамі.