Вайсковыя чаравікі з высокім берцам
Вайсковыя чаравікі з высокім берцам (гутарковае — «берцы») — высокія армейскія чаравікі на шнурках. На сённяшні дзень уваходзяць у экіпіраванне практычна ўсіх армій свету. У адрозненне ад ботаў, пакідаюць максімальна рухомым галенастоп, адначасова з гэтым фіксуючы яго, змяншаюць небяспеку расцяжэння сухажылляў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Падчас Другой сусветнай вайны большасць жаўнераў ваюючых бакоў насілі або чаравікі з абмоткамі (Чырвоная армія), або боты (вермахт, Чырвоная армія), або нізкія шнураваныя чаравікі (войскі ЗША, Вялікабрытаніі). Аднак для дэсантнікаў такі абутак падыходзіў дрэнна, бо не абараняў ад траўмаў пры прызямленні з парашутам[1]. Для патрэб парашутнага дэсанта былі распрацаваны высокія шнураваныя чаравікі.
Пасля Другой сусветнай вайны войскі НАТА паступова сталі выкарыстоўваць вайсковыя чаравікі як асноўны від армейскага абутку. У прыватнасці, армія ЗША пачала пераходзіць з нізкіх чаравікаў M-1943 на чорныя скураныя чаравікі «Corcoran» у 1957 годзе і скончыла падчас В’етнамскай вайны. Савецкая Армія да канца свайго існавання працягвала выкарыстоўваць кірзавыя боты. Існуюць берцы зімовыя, дэмісезонныя і летнія. У летніх выкарыстоўваецца сеткаватае палатно Архівавана 6 сакавіка 2014., з высокай устойлівасцю да сцірання, якое прапускае паветра.
У Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Да 2008 года беларуская армія выкарыстоўвала кірзавыя боты, якія захоўваліся на армейскіх складах яшчэ з савецкага часу. У 2008 годзе быў ажыццёўлены пераход на чаравікі з высокім берцам[2].
Новы абутак для арміі вырабляюць гродзенская абутковая фабрыка «Нёман-сплаў» і "Гомельская абутковая фабрыка «Труд-Стацкевіч-Адамантан». У гродзенскіх берцах падэшву мацуюць на клей, у Гомелі — на цвікі[3].
У Расіі
[правіць | правіць зыходнік]У канцы 2007 года Міністэрства абароны РФ абвясціла пра пераход з ботаў на вайсковыя чаравікі[4]. Працэс пераходу затрымаўся, сярод іншага, па фінансавых чынніках: вайсковыя чаравікі каштуюць даражэй за боты, а зношваюцца хутчэй[5].
У сілу спецыфічных кліматычных і прыродных умоў Расіі цалкам адмовіцца ад ботаў (кірзавых, скураных, гумовых, валеных) не атрымаецца, а для воінскіх часцей, дыслакаваных на Крайняй Поўначы, будзе прадугледжаны новы абутак з адмысловым уцяпленнем[4]. У выніку, перайсці на берцы расійскай арміі атрымалася толькі ў канцы 2013 года[6].
Грамадзянскае выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]Вайсковыя чаравікі выкарыстоўваюцца як турыстычны абутак, а таксама гульцамі ў лазертаг, страйкбол, хардбол, радзей — пэйнтбол. Яны папулярныя ў людзей, якім патрэбны зручны і носкі абутак, прыдатны для слоты і бруду. Таксама варта заўважыць, што берцы выкарыстоўваюць для свайго іміджу і розныя субкультуры (металісты, панкі і т.п.).
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ WW II Paratropers Jump Boots . Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2012. Праверана 22 студзеня 2009.
- ↑ News.by — Армия отказывается от сапог
- ↑ Наша Ніва — Берцы беларускіх вайскоўцаў: якія лепшыя?
- ↑ а б Расійскае войска пазбавілася ануч . Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2012. Праверана 20 студзеня 2011.
- ↑ Мінабароны не адмовіцца ад цэнтралізавана памытых ануч . Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2012. Праверана 20 студзеня 2011.
- ↑ Расійская армія адмаўляецца ад ануч — знакамітых «портянок»