Адна- або шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі галінастымі голымі ці валасістымі прамастойнымі, узыходнымі ці ляжачымі сцёбламі і карэнішчам, радзей паўкусты і кусты. Лісце няпарнаперыстаскладанае, чаргаванае з эліпсоіднымі лісцікамі і ланцэтнымі прылісткамі, рэдка простае або трайчастае. Кветкі дробныя, духмяныя, ружовыя, бела-ружовыя, бела-фіялетавыя або жоўтыя ў шарападобных парасоніках на доўгіх пазухавых ці верхавінкавых кветаносах. Плод — лінейны, прамы або сагнуты, дугападобны, рэдка смоўжападобна скручаны членісты струк.
Выдзяляецца 55 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых і субтрапічных рэгіёнах Еўропы, Азіі, Афрыкі, але пераважна ў краінах Міжземнамор’я і трапічнай Афрыкі. На Беларусі (пераважна ў паўднёвых раёнах) трапляецца вязель стракаты; расце на сухіх лугах, узлесках, каля дарог.
Лекавыя (мачагонны, слабіцельны, сардэчны і гіпатэнзіўны сродак), кармавыя, меданосныя, сідэратныя і дэкаратыўныя расліны. Асобныя віды — ядавітыя (маюць сардэчныя гліказіды каранізід і карашлін).
Вязель // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.