Джавані Марыя Бернардоні
Ян Марыя Бернардоні | |
---|---|
Giovanni Maria Bernardoni | |
| |
Дата нараджэння | каля 1541[1][2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 20 лістапада 1605[1][2] |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Працы і дасягненні | |
Працаваў у гарадах | Вільня, Кракаў, Каліш, Нясвіж |
Архітэктурны стыль | барока |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Джавані (Ян) Марыя Бернардоні (італ.: Giovanni Maria Bernardoni; каля 1541, Канья каля Кома, цяпер Італія — 19 кастрычніка 1605, Кракаў) — італьянскі архітэктар, прадстаўнік стылю ранняга барока, езуіт.
Паходзіў Дж. Бернардоні з поўначы Італіi. Ва ўзросце 23 гадоў з’явіўся ў Рыме з мэтай уступіць у ордэн езуітаў i стаць архітэктарам. З яго слоў, да гэтага 10 гадоў працаваў мулярам. Адразу пасля прыняцця ў ордэн Дж. Бернардоні накіраваўся на будаўніцтва галоўнага храма езуітаў — рымскай царквы Іль-Джэзу і працаваў тут, не лічачы кароткіх ад’ездаў у іншыя гарады Італіі, на працягу 1564—1571 гадоў, напр., яго пасылалі на некалькі месяцаў у Мілан для прыспешвання працы па рэканструкцыі калегіяльнага будынка, прылеглага да царквы Сан-Фідэле.
У Рыме Дж. Бернардоні заставаўся да канца 1571 года. На кароткі тэрмін яго накіроўвалі ў Фларэнцыю, потым ад пачатку 1572 да канца наступнага года ён знаходзіўся ў Чывіта Сан-Анжэла на тэрыторыі Абруца, падпарадкаванай неапалітанскай правінцыі ордэна езуітаў, дзе меркавалася будаўніцтва новага дома для навіцыяту. Аднак па розных прычынах кіраўніцтва ордэна адмовілася ад далейшых работ у гэтым мястэчку, а сабраных там манахаў пачалі размяркоўваць па іншых месцах.
Ад 1573 года на працягу чатырох гадоў Дж. Бернардоні знаходзіцца ў правінцыі Неапаль. Тут разгортваліся працы пры будоўлях царквы Джэзу ў самім Неапалі, а таксама царквы Джэзу і Марыі і дома езуітаў-прафесараў у горадзе Леча. З 1575 года нагляд за ўсімі будоўлямі Неапалітанскай правінцыі даручылі Дж. Бернардоні.
У 1577 годзе прызначэны ў Сардзінію (праектаў Дж. Бернардоні для Сардзініі не захавалася).
Далей яго чакала падарожжа ў Рэч Паспалітую. Па дарозе ў Нясвіж Дж. Бернардоні затрымаўся на польскіх землях на 3 гады (1583—1586): пабыў некаторы час у Познані, даўжэй — у Любліне з кароткім выездам у Каліш. Ва ўсіх гэтых месцах ён праектаваў калегіумы, але ў Любліне застаўся пры будоўлі. Тут Дж. Бернардоні выканаў некалькі варыянтаў праекта калегіума і дома прафесаў, праект драўлянай капліцы, рэканструкцыю школы, праект касцёла ў Калішы, пачаў будаўніцтва касцёла ў Любліне.
Пасля шматразовых напамінкаў князя Мікалая Крыштафа Радзівіла (Сіроткі) ў сярэдзіне 1586 Дж. Бернардоні з’явіўся ў Нясвіжы і адразу прыступіў да галоўнай працы ў сваёй творчасці — праектавання касцёла езуітаў. Адначасова яму даручылі кіраваць будаўніцтвам ужо запраектаванага ў Рыме калегіума. Праца вялася хутка: праект касцёла быў скончаны ў тым жа 1586 годзе, у наступным закладзены фундамент, а ў 1590 годзе ўжо можна было ўзводзіць купал. 1 верасня 1593 ў гатовым касцёле справілі першае набажэнства, а 7 кастрычніка 1601 года адбылося ўрачыстае асвячэнне касцёла Божага Цела, але ўжо без архітэктара. Кіраўніцтва будоўляй калегіума Дж. Бернардоні здзяйсняў у два этапы. Першы заняў 1586—1588, потым архітэктар цалкам быў заняты на працах пры касцёле, а з 1593 да 1599 гадоў зноў займаўся калегіумам. Ужо ў 1596 годзе Дж. Бернардоні паслаў запыт да генерала ордэна па новае прызначэнне, палічыўшы асноўную сваю дзейнасць у Нясвіжы завершанай. Яму прыпісваецца аўтарства яшчэ некалькіх пабудоў у самім Нясвіжы і ў ваколіцах, але дакументальных спасылак на гэта няма.[3]
У маі 1599 года Дж. Бернардоні з’явіўся ў Кракаве каб кіраваць будаўніцтвам вялікага езуіцкага касцёла Пятра і Паўла. Будаўніцтва касцёла Пятра і Паўла ў асноўным было завершана ў 1608 годзе, ужо пасля яго смерці. Акрамя працы пры касцёле ў Кракаве Дж. Бернардоні падрыхтаваў праекты кляштара з касцёлам для францысканцаў у Кальварыі Зэбжыдоўскай і парафіяльнага касцёла ў Зэбжыдовіцах. Кляштар пазней быў значна перабудаваны, парафіяльны касцёл існуе дагэтуль.
У 1984 годзе беларускім даследчыкам Г. Галенчанкам у Інстытуце манускрыптаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вернадскага (Кіеў) адкрыты зборнік архітэктурных чарцяжоў XVI—XVII ст., датычных Беларусі. Некаторыя спецыялісты (Г. Галенчанка, Т. Габрусь) даводзяць, што большая частка арыгінальных чарцяжоў у ім выканана самім Дж. Бернардоні.[4]
Ёсць падставы меркаваць пра ўдзел Дж. Бернардоні як матэматыка і астранома ў стварэнні радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага, апублікаванай у 1613 годзе.[3]
Зноскі
- ↑ а б Bania Z. Allgemeines Künstlerlexikon: Die Bildenden Künstler aller Zeiten und Völker / Hrsg.: A. Beyer, B. Savoy, W. Tegethoff — E. A. Seemann, K. G. Saur Verlag, Verlag Walter de Gruyter. Праверана 19 жніўня 2017.
- ↑ а б в г Lepiarczyk J. BERNARDONI, Giovanni Maria, detto Bernardone // Dizionario Biografico degli Italiani — 1967. — Vol. 9. Праверана 28 студзеня 2023.
- ↑ а б Калнін В. Зорны шлях…
- ↑ Габрусь Т., Галенчанка Г. Скарбы старажытнага альбома // Навіны Беларускай Акадэміі. 13 і 20 чэрв. 1990. С. 6; Галенчанка Г. Альбом Бернардоні: Новая крыніца да гісторыі архітэктуры і будаўніцтва ў Нясвіжы (канец XVI— пачатак XVII ст.) // Ад Полацка і Нясвіжа да Падуі і Венецыі. Мінск, 1994. С. 79—86.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бернардоні // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 22.
- Габрусь Т. Бернардоні // БЭ ў 18 тамах. Т. 3. — Мн., 1996.
- Калнін В. Зорны шлях Яна Марыі Бернардоні // Беларускі гістарычны агляд, Том 11 Сшытак 1-2 (20-21), снежань 2004.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Джавані Марыя Бернардоні на Вікісховішчы |
- Зорны шлях Яна Марыі Бернардоні Архівавана 5 сакавіка 2016. Валянцін Калнін
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся ў 1541 годзе
- Нарадзіліся ў правінцыі Кома
- Памерлі 20 лістапада
- Памерлі ў 1605 годзе
- Памерлі ў Кракаве
- Пахаваныя ў Кракаве
- Асобы
- Архітэктары паводле алфавіта
- Памерлі 19 кастрычніка
- Езуіты
- Архітэктары Беларусі
- Архітэктары Італіі
- Архітэктары Вільнюса
- Архітэктары Кракава