Перайсці да зместу

Калінья

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Калінья
(Kali'na)
Фота 1892 г.
Агульная колькасць 30000 (2015)
Рэгіёны пражывання  Венесуэла — 17000

 Гаяна — 3400
 Сурынам — 1400
 Гвіяна — 1600
 Бразілія — 2060
 ЗША — 4600

Мова Карыбскія мовы
Рэлігія анімізм, політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы

Калі́нья (саманазвы: Kali'na, Cariña, Kariña, Kalihna, Kalinya, Karìna, Kalina), таксама вядомы як карыбы (ісп.: Caribe, фр.: Karib, англ.: Carib, нідэрл.: Karaïeb) і галібі (фр.: Galibis, Galina) — індзейскі народ, карэнныя жыхары Гвіяны. Жывуць у Венесуэле, Гаяне, Сурынаме, Французскай Гвіяне і Бразіліі. Агульная колькасць (2015 г.) — каля 30 000 чал.[1][2]

Паходжанне індзейцаў-калінья мала даследавана. Археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Гвіяны сведчаць пра тое, што земляробчыя культуры пачалі развівацца на прыбярэжных тэрыторыях у 4 тысячагоддзі да н. э. Аднак прамыя паралелі старажытных культур з сучаснымі індзейскімі не праглядаюцца з-за імклівых працэсаў міграцый і змен у паўсядзённым жыцці, што адбываліся апошнія тры стагоддзі. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што калінья маглі з’явіцца ў Гвіяне ў выніку міграцыі носьбітаў саладоіднай культуры з даліны Арынока ў 1 тысячагоддзі н. э. Аднак гэтую міграцыю звычайна атаясняюць з аравакамі.

Прыхільнікі другой версіі сцвярджаюць, што сучасныя калінья сфарміраваліся ў першай палове 2 тысячагоддзя н. э. пры змяшэнні культуры земляробаў-саладоідаў з культурай Карыяба. Прадстаўнікі апошняй былі качэўнікамі і прыйшлі з усходу. Раскопкі ў Сурынаме паказваюць, што носьбіты саладоіднай культуры і Карыяба некаторы час існавалі поруч. Такая версія супярэчыць традыцыйнаму погляду на паходжанне карыбаў Антыльскіх астравоў, якія самі сцвярджалі аб роднасці з карыбамі Паўднёвай Амерыкі, але мігрыравалі на астравы раней, чым магло адбыцца змешванне саладоідаў і Карыяба ў Гвіяне.

Трэцяя версія заснавана на думцы, што калінья — старадаўнія насельнікі Гвіяны. У Гаяне прыняты пункт гледжання, што іх культура склалася ў ніжняй плыні ракі Памерун 2000 — 3000 гадоў таму і вызначалася каляровай керамікай. Сюды яны маглі трапіць з тэрыторыі Калумбіі. З Памеруна гэта кераміка распаўсюдзілася па іншых рэгіёнах ад Арынока да Амазонкі[3][4]. Каляровая кераміка сустракаецца і на Малых Антыльскіх астравах, дзе жылі астраўныя карыбы, але антыльскія керамічныя вырабы адрозніваюцца ад гвіянскіх.

Асаблівасці культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Калінья звычайна селяцца на прыбярэжных узвышшах каля вусця рэк. Асноўныя заняткі — рыбалоўства і земляробства. Распаўсюджана рыбалка з лукам і стрэламі, навершы якіх насычаюць атрутай. Земляробства падсечна-агнявое. Зямлю ад лесу вызваляюць мужчыны, а апрацоўваюць жанчыны. Гатовыя зямельныя надзелы лічацца маёмасцю жанчын. Вырошчваюць маніёк, цукровы трыснёг, ананасы, бананы і інш. Збіральніцтва мае сезонны характар.

Звычайны тып паселішча — вёска. Жытлы драўляныя каркасныя, будуюцца на слупах. Спяць або ў памяшканнях, або каля жытла ў гамаках. Кожная вёска ўяўляе сабою абшчыну, на чале якой стаіць правадыр.

Дзяўчынкі пасля першай менструацыі праходзяць абрад ініцыяцыі ў дарослае жыццё. Хлопчыкі лічацца непаўнагадовымі да жаніцьбы. Маладыя выбіраюць пару самастойна. Хлопец дорыць дзяўчыне рыбіну. Калі яна дае згоду, то прымае падарунак і пераносіць гамак мужа ў сваю хаціну. Разводы разглядаюцца як звычайная з’ява. Дзеці пры гэтым застаюцца з маці. Частыя паўторныя шлюбы.

Калінья знакаміты музычным мастацтвам. Традыцыйныя музычныя інструменты — перкусія, барабан, маракасы.

Калінья размаўляюць на 4 дыялектах, якія вызначаюцца як адна асобная мова або група моў паўночнай галіны карыбскай моўнай сям’і. Распаўсюджана пісьмовасць з 15 лацінскіх літар, складзеная місіянерамі.

У канцы XIX ст. большасць калінья прынялі хрысціянства. Захаваліся вераванні ў шматлікіх духаў прыроды, рытуалы жаночай ініцыяцыі, сезонныя святы, некаторыя абрады пахавання.

Зноскі