Камянец-Падольскі
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Камяне́ц-Падо́льскі (укр.: Кам'янець-Подільський) — горад у Хмяльніцкай вобласці Украіны, адміністрацыйны цэнтр Камянец-Падольскага раёна, адзін з найстаражытнейшых гарадоў краю.
Размешчаны ў цэнтры Валына-Падольскага ўзвышша (48° 25' паўночнай шыраты, 26° 32' усходняй даўгаты) за 101 км ад Хмяльніцкага. Праз горад цячэ рака Смотрыч, утвараючы скалістым каньёнам свайго рэчышча амега-падобны мыс або паўвостраў. На тэрыторыі ўтворанага каньёнам паўвострава размешчаны Стары горад — старажытны гісторыка-культурны комплекс. Стары горад складаецца са старадаўніх архітэктурных пабудоў, якія адлюстроўваюць культуры народаў, што пражывалі тут у розныя часы.
Сярэдняя гадавая тэмпература ў горадзе +9 °C., а для пор года: зіма −3°, вясна +6°, лета +20°, восень +10°. Пераважныя вятры NW і W.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Горад заснаваны як крэпасць, якая мела важнае геапалітычнае становішча на мяжы хрысціянскай і мусульманскай культур, скрыжаванні сухапутных і водных шляхоў. Горад уваходзіў у склад Кіеўскай Русі, у XIII—XIV стагоддзях — Галіцка-Валынскага княства, затым быў заваяваны мангола-татарамі. З 2-й паловы XIV стагоддзя далучаны да Вялікага Княства Літоўскага; з 1430 года — Польскага Каралеўства, з 1463 года — цэнтр Падольскага ваяводства, дадаткова ўмацаваны.
У сярэднявеччы Камянец быў рамесным і гандлёвым цэнтрам, па развіцці быў на ўзроўні Львова і Кіева. У 1672 годзе захоплены Турцыяй, але ў 1699 годзе вернуты Рэчы Паспалітай. У 1793 годзе, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, разам з усёй правабярэжнай Украінай адышоў да Расійскай імперыі (1795—1797 гадах цэнтр Падольскага намесніцтва, у 1797—1917 гадах — Падольскай губерні). У 1918—1921 гадах — галоўны цэнтр фарміравання войск і дыслакацыі ваеннага кіраўніцтва Украінскай Народнай Рэспублікі, апошняя апора абаронцаў Украінскай незалежнасці. Пры савецкай уладзе — буйны прамысловы горад. З 1991 — у складзе Украіны. Ёсць нацыянальны ўніверсітэт, заснаваны ў 1918 годзе.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Дэмаграфія
[правіць | правіць зыходнік]1390 — 2 000 | 1912 — 50 500 | 1986 — 100 000 |
1570 — 4 500 | 1921 — 26 600 | 1989 — 102 200 |
1630 — 12 000 | 1926 — 31 000 | 1990 — 103 000 |
1699 — 1 400 | 1939 — 36 400 | 1991 — 105 000 |
1840 — 14 700 | 1944 — 11 000 | 2001 — 99 610 |
1862 — 18 900 | 1959 — 40 300 | 2003 — 99 929 |
1892 — 36 662 | 1966 — 50 000 | 2004 — 99 540 |
1893 — 36 951 | 1970 — 57 000 | 2005 — 99 398 |
1897 — 35 934 | 1976 — 77 000 | 2007 — 100 025 |
1903 — 40 000 | 1979 — 84 000 | 2022 — 96 896 |
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Горад знаходзіцца ў арэале падольскага дыялекту з групы валынска-падольскіх гаворак паўднёва-заходняга дыялекту ўкраінскай мовы — жыхары ўжываюць заходнепадольскі дыялект, які мае агульныя рысы з прыднястроўскім, і паўднёва-падольскі дыялект, які мае агульныя рысы з пакуцка-букавінскім дыялектам. Камянец-Падольскі ўнесены ў «Атлас украінскай мовы».
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Трапіць у горад з Кіева найпрасцей па трасе Н03 (А269), якая праходзіць праз Жытомір, Стараканстантынаў і Хмяльніцкі, а з боку заходняй Украіны — з Цярнопаля спачатку па М12 (А267) да Хмяльніцкага, а затым па Н03 (А269). Альтэрнатыўны, не самы хуткі для аўтастопу, але цікавы шлях з Цярнопаля пралягае праз Чарткоў і Скалу-Падольскую, трасы M 19 і А268. Па чыгунцы да Камянца дабрацца можна прыгарадным цягніком з Хмяльніцкага ці прамым пасажырскім, а таксама хуткім з Кіева.
Гасцініцы, харчаванне, транспарт
[правіць | правіць зыходнік]У горадзе вялікая колькасць маленькіх прыватных гасцініц. Грамадскі транспарт — аўтобусы і маршрутныя таксі.
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Турыстычныя славутасці
[правіць | правіць зыходнік]Камянец-Падольскі — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Украіны. Дзякуючы ўнікальнаму спалучэнню гісторыка-архітэктурнай, горадабудаўнічай спадчыны, ландшафту каньёна ракі Смотрыч, «Стары горад» абвешчаны дзяржаўным гісторыка-архітэктурным запаведнікам. Колькасць помнікаў архітэктуры XI—XIX стагоддзяў налічвае каля 200 будынкаў і збудаванняў. Магутныя абарончыя ўмацаванні «Старога горада», крэпасць і прыгонны мост, спалучэнне культавых збудаванняў розных рэлігій пакідаюць непаўторнае ўражанне. Улічваючы багатую архітэктурна-гістарычную спадчына «Старога горада», нацыянальнай камісіяй Украіны па справах ЮНЕСКА у маі 1994 года было рэкамендавана ўключыць яго кандыдатам у рэестр сусветнай культурнай спадчыны.
Самая вялікая каштоўнасць — практычна цалкам захаваны гістарычны цэнтр без украпванняў архітэктуры XX стагоддзя. Галоўная гарадская выдатнасць — старадаўняя крэпасць, першыя пабудовы якой адносяцца да XI—XII стагоддзяў, а асноўныя ўмацаванні, — да XVI—XVII стагоддзяў. Абарончыя ўмацаванні ў Камянцы-Падольскім лічацца выдатным узорам лепшых фартыфікацый Усходняй Еўропы.
Таксама варта наведаць Кафедральны касцёл святых Апосталаў Пятра і Паўла (XVI—XVIII стагоддзі) і турэцкі мінарэт побач з ім, Францысканскі касцёл (XIV—XVIII стагоддзі), гарадскую Ратушу (XIV—XIX стагоддзі), армянскую Нікалаеўскую царкву (XIV стагоддзе). Дзейнічаюць два выставачныя залы, музеі этнаграфіі (Замкавая, 1), гістарычны (Іаана-Папярэдніцкая, 2), мастацкі (Пятніцкая, 11). Можна наведаць батанічны сад. Стары цэнтр знаходзіцца на паўвостраве, акружаным каньёнам, па дне якога цячэ Смотрыч, прыток Днястра. Стары Горад злучаны з цэнтральнай часткай горада Навапланавым мостам. Абрывістыя скалістыя берагі Смотрыча прыцягваюць у Камянец альпіністаў.
Мясцовыя святы і фестывалі
[правіць | правіць зыходнік]- Адкрыццё турыстычнага сезону
- Тэхнапарк Каменнага перыяду
- Дзень горада «Камянец старажытны — сэрца Падолля»
- Аквадром
- Terra Heroica
Гарады-пабрацімы
[правіць | правіць зыходнік]- Дольны Кубін, Славакія
- Каліш, Польшча
- Залаў, Румынія
- Брантфард, Канада
- Вісбадэн, Германія
- Кутна-Гора, Чэхія
- Марыестад, Швецыя
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]З горадам звязаны знакамітыя людзі:
- Міхаіл Сяргеевіч Грушэўскі (1866—1934) — украінскі гісторык, грамадскі і палітычны дзеяч, рэвалюцыянер
- Усцім Якімавіч Кармалюк (1787—1835) — украінскі нацыянальны герой, кіраўнік паўстанцкага руху на Падолле
- Мікалай Дзмітрыевіч Леантовіч (1877—1921) — украінскі кампазітар, педагог, харавы дырыжор, грамадскі дзеяч, педагог
- Мікола Платонавіч Бажан (1904—1983) — украінскі савецкі паэт, перакладчык, публіцыст і грамадскі дзеяч
- Сымон Акольскі (1580—1653) — гісторык, геральдыст, складальнік польскага гербоўніка, вядомы прапаведнік
- Антон Афодзьевіч Васюцінскі (1858—1935) — мастак, скульптар-медальер, разьбяр
- Міхаіл Іосіфавіч Велер (нар. 1948) — расійскі пісьменнік і філосаф
- Мікіта Паўлавіч Гадованец (1893—1974) — украінскі паэт-байкапісец
- Юзаф Каленбах (1861—1929) — польскі гісторык літаратуры
- Уладзімір Рыгоравіч Хіраска (1874—1933) — беларускі рэлігійны дзеяч, святамучанік
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Камянец-Падольскі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. С. 556.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Камянец-Падольскі
- Камянец-Падольскі гістарычны сайт Архівавана 3 кастрычніка 2016.
- Сайт гарадской мэрыі
- Камянец-Падольскі сайт Архівавана 14 мая 2011.
- Прыродны запаведнік «Падольскія Тоўтры» Архівавана 27 чэрвеня 2009.
- Фатаграфіі горада
- Замкі і храмы Камянец-Падольскага раёна
- Савецкая тапаграфічная карта 1:100,000 Архівавана 1 красавіка 2007.