Перайсці да зместу

Малая царква (Гродна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Малая царкваманастырык на Падзамчы», «малы папоўскі манастырык») — праваслаўная царква, якая існавала ў Гродне ў 12-17 ст. З'яўлялася помнікам Гродзенскай школы дойлідства. Дагэтуль дакладнае месцазнаходжанне храма невядома, мяркуецца, што царква стаяла на месцы цяперашняга пажарнага дэпо (вуліца Замкавая, 19).

Аналізуючы горадабудаўнічае развіццё Гародні, Алена Kвітніцкая высветліла месцазнаходжанне манастырскага комплексу. На яе думку, у 18 ст. «манастырык на Падзамчы» прымыкаў да пляцу фарнага касцёла, участкаў жыдоўскага квартала, а з двух бакоў межаваў з вулічнымі артэрыямі. Гэтая лакалізацыя выразна паказвала на невысокі ўзгорак сярэднявечнага пасада на поўнач ад Старога замкf. Дадатковым пацвярджэннем гэтай высновы з'яўляецца інфармацыя аб тым, што «папоўскі манастырык» мясціўся над ровам Гараднічанкі.

Сам участак насупраць Старога замку быў забудаваны яшчэ ў раннім сярэднявеччы. Згодна матэрыялам археалагічных раскопак гэты раён быў заселены ўжо ў XI ст. Лічыцца, што Малая царква была ўзведзена на тэрыторыі старажытнага пасада ў XII ст., што ўскосна пацвярджаюць вынікі археалагічных раскопак, праведзеных у 1987 Аляксандрам Краўцэвічам, падчас якіх быў зафіксаваны багаты культурны слой XII ст. На яе думку вядомай даследчыцы А. Квітніцкай, «манастырык на Падзамчы» знаходзілася на невысокім ўзгорку сярэднявечнага пасада, на поўнач ад Старога замка, гэта значыць каля і ці на месцы сучаснага пажарнага дэпо.

Першае ўпамінанне пра Малую царкву і «малы папоўскі манастырык» паходзіць з фальсіфікату прывілея Вітаўта на правы і свабоды гродзенскіх яўрэяў 1389, які быў складзены ў першай палове XVI ст. Па меркаванню Квітніцкай выява Малой царквы была зафіксавана на медзярыце Адэльгаўзера-Цюндта 15671568. Згодна гравюры гэта была невялікая па аб'ёме, аднанефная мураваная царква, крытая двухскатным дахам, з цыліндрычным барабанам з невялікім купалам. Каралеўскія рэвізоры, якія ў 1680 склалі спіс уладальнікаў нерухомай маёмасці горада і забудовы гарадскіх плошчаў, зафіксавалі факт знішчэння манастыра з царквой маскоўскімі войскамі ў сярэдзіне гэтага ж стагоддзя. У гэтым інвентары захавалася сціплая згадка аб тым, што на пляцы знаходзіўся «малы папоўскі манастырык пад замкам». На плане 1753 у раздзеле легенды плана «Спецыфікацыя. Што яшчэ з будынкаў засталося стаяць» пад літарай «h» пазначаны пляц «рускага папа з юрысдыкай і будынкам», што азначае, што участак з'яўляўся ўласнасцю ўніяцкай царквы.

У сярэдзіне 18 ст. пляц, на якім стаяў манастыр, быў названы «Васкрасенскай юрыздыкай» . Такое акрэсленне магло быць абумоўлена сувязямі Малой ды Васкрасенскай цэркваў, якая яшчэ ў 17 ст. размяшчаліся на суседніх узгорках пасада ў сярэднявечнага горада. У апошнія дзесяцігоддзі 18 ст. Малая царква канчаткова знікае са старонак дакументаў. Апошняя згадка пра царкву паходзіць да 1783, калі на пляцах пачалося ўзвядзенне каралеўскай канцылярыі ды стайняў.

  • Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012, 370 с., ISBN 978-93-61617-77-8
  • Юрый Гардзееў. Магдэбургская Гародня. Гародня — Wroclaw: Wroclawska Drukarnia Naukowa PAN im. S. Kulczynskiego Sp. z o.o., 2008. 384 с. (Гарадзенская бібліятэка). ISBN 978-83-89185-68-6.