Пінскае гета
Пінскае гета — (1 мая — 28 кастрычніка 1942) — месца прымусовага перасялення яўрэяў горада Пінска і наваколляў у рамках пераследу і знішчэння яўрэяў падчас акупацыі тэрыторыі Беларусі войскамі нацысцкай Германіі ў перыяд Другой сусветнай вайны.
Да стварэння гета
[правіць | правіць зыходнік]Пасля нападзення Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 года толькі нязначная колькасць яўрэяў паспела эвакуіравацца на ўсход. У Пінску таксама апынуліся ўцекачы з заходняй частцы Беларусі. 4 ліпеня 1941 года Пінск быў заняты нямецкай арміяй.
Па распараджэнні акупацыйных уладаў у другой палове ліпеня быў створаны юдэнрат — яўрэйскі савет, орган па выкананні ўказанняў акупантаў у дачыненні яўрэяў і яўрэйская паліцыя. Старшынёй юдэнрата немцы прызначылі дырэктара школы Давіда Альпера. Праз два дні ён адмовіўся ад пасады і быў расстраляны разам з яшчэ 20 членамі юдэнрата. Новым старшынёй быў прызначаны Біньямін Бакштанскі.
З 5 па 7 жніўня 1941 года немцы расстралялі ў Пінску да 10 тысяч яўрэяў. У асноўным былі расстраляныя мужчыны ад 16 да 60 гадоў.
Для яўрэяў былі ўведзены шматлікія абмежаванні, у тым ліку нашэнне на вопратцы спераду і ззаду спецыяльнага распазнавальнага знака.
Стварэнне і жыццё ў гета
[правіць | правіць зыходнік]Усе яўрэйскае насельніцтва Пінска ў колькасці 18 644 чалавек з 1 мая 1942 года было заключана ў гета. Паводле часу стварэння гэта было апошняе гета на тэрыторыі Беларусі. У пінскае гета былі таксама дэпартаваны яўрэі з еўрапейскіх краін і прывезены яўрэі з навакольных мястэчак. Гета было агароджана калючым дротам і мела тры ахоўваемых выхады: на вуліцах Лістоўскага, Паўночнай і Альбрэхтаўскай. Жыллё ў гета размяркоўвалася зыходзячы з плошчы 1,2 квадратных метра на чалавека.
Яўрэі працавалі на створаных у гета прамысловых прадпрыемствах і ў майстэрнях, а таксама выкарыстоўваліся акупантамі на прымусовых працах. У гета была створана бальніца, аптэка, паліклініка. Дзейнічалі падпольныя групы, якія спрабавалі накапіць зброю і ствараць укрыцці і бункеры.
У чэрвені 1942 года немцы арыштавалі ў Пінску і Кобрыне 3500 яўрэяў і расстралялі іх на станцыі Бронная гара.
Знішчэнне гета
[правіць | правіць зыходнік]28 кастрычніка 1942 года пачалася акцыя па знішчэнню пінскага гета. Яе праводзіў нямецкі матарызаваны батальён паліцыі парадку. Падпольшчыкі гета аказалі супраціўленне паліцыі, большасць з іх было забіта, частка здолела збегчы да партызанаў.
У справаздачы камандзіра батальёна паліцыі парадку было ўказана, што ў гэтыя дні былі знішчаны 26 200 чалавек. Іцхак Арад лічыць, што ў гета было забіта 17 000 яўрэяў.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Пінскае гета на Вікісховішчы |
- Артыкул «Пінск» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі
- Трагедыя пінскага гета(недаступная спасылка)
- The Kommandostab Revisited Архівавана 29 верасня 2015.