Тайпінскае паўстанне (1850—1864) — сялянская вайна ў Кітаі супраць маньчжурскай імперыі Цын, у склад якой уваходзіў Кітай, і замежных каланізатараў. Лідарам паўстання стаў хрысціянін Хун Сюцюань, які стварыў Нябесную Дзяржаву Вялікага Спакою — незалежную кітайскую дзяржаву, якая існавала адначасова з маньчжурскай імперыяй. Сама назва «Тайпін» азначае «Вялікі Спакой». Тайпінская дзяржава займала значную частку паўднёвага Кітая, пад яго юрысдыкцыяй знаходзілася каля 30 мільёнаў чалавек. Тайпіны спрабавалі праводзіць радыкальныя сацыяльныя пераўтварэнні, замену традыцыйных кітайскіх рэлігій на спецыфічнае «хрысціянства», пры гэтым Хун Сюцюань лічыўся малодшым братам Ісуса Хрыста.
Тайпінскае паўстанне выклікала чараду мясцовых паўстанняў у іншых частках імперыі Цын, якія змагаліся супраць манчжурскіх улад, нярэдка абвяшчаючы ўласныя дзяржавы. У вайну ўвязаліся таксама замежныя дзяржавы. Становішча ў краіне стала катастрафічным. Тайпіны занялі буйныя гарады, спачуваючыя тайпінам паўстанцы занялі Шанхай, прадпрымаліся паходы на Пекін і ў іншыя часткі краіны.
Паўстанне было задушана цынскім войскам пры падтрымцы брытанцаў і французаў. Вайна прывяла да велізарнай колькасці ахвяр — па адзнаках, ад 20 да 30 мільёнаў чалавек.
Тайпинское восстание 1850—1864 / Илюшечкин В. П. // Т. 25. Струнино — Тихорецк. — М. : Советская энциклопедия, 1976. — С. 215. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978).(руск.)