Перайсці да зместу

Тыанантаты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тыанантаты
(Tionontati)
Карта рассялення ў XVII ст.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Вялікія азёры
Мова петунь
Рэлігія анімізм
Блізкія этнічныя групы гуроны, эры, нейтраль, венро

Тыанантаты (саманазва: Tionontati), вядомыя таксама як петунь (фр.: Pétuns) — індзейскі народ, які ў XVII ст. насяляў рэгіён паміж азёрамі Антарыа і Гурон.

Тыанантаты ўяўлялі сабою канфедэрацыю. У 1640 г. яны налічвалі каля 3000 чалавек, што жылі ў 9 умацаваных вёсках. Займаліся земляробствам, паляваннем і збіральніцтвам. Па мове і культуры былі вельмі блізкімі да ваяндот. Да прыходу еўрапейцаў шмат гадоў ваявалі з апошнімі.

У 1610 г. адбыўся першы кантакт з французамі. У 1615 г. тыанантаты наведаў Самюэль дэ Шамплейн. Французы далі тыанантаты назву петунь, паколькі тыя вырошчвалі тытунь. Усталяванне гандлёвых зносін з французскімі каланістамі дазволіла прымірыцца з ваяндот і набываць металічную зброю. Асноўным таварам, якім цікавіліся французскія гандляры, былі бабровыя скуры. Хуткае знішчэнне папуляцыі баброў у сваім рэгіёне вымусіла тыанантаты ўрывацца ў раёны, населеныя алганкінамі. У 1630-х гг. пацярпелі ад эпідэмій, занесеных еўрапейцамі.

Улетку 1649 г. ваяндот, што ратаваліся ад іракезаў, знайшлі прытулак у вёсках тыанантаты. У снежні іракезы арганізавалі супраць тыанантаты ваенную кампанію, разбурылі іх цэнтральную вёску, спалілі езуіцкую місію і пачалі вынішчэнне іх краіны. Каля 1000 ваяндот і тыанантаты збеглі на каноэ і правялі зіму на востраве Макінак. Пазней яны аб'ядналіся з іншымі ваяндот. Невялікая група тыанантаты выратавалася сярод ілінойс, што пазней стала прычынай вайны паміж сенека і ілінойс у 1655 г.