Чарнаморск
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Чарнамо́рск (укр.: Чорноморськ) — горад абласнога значэння на поўдні Украіны ў Адэскай вобласці. Да 1927 года — хутар Бугавы, да 2016 года — горад Ільічоўск. У цяперашні час вядомы як адзін з найбуйнейшых партоў Украіны. Адсюль ходзяць паромы на Варну, рэгулярныя пасажырскія марскія рэйсы да Стамбула.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Хоць Чарнаморск і малады горад, але тэрыторыя, на якой размешчаны горад, мае сваю шматвяковую гісторыю. Самым старажытным вядомым месцам ўладкавання людзей на тэрыторыі Чарнаморская з’яўляецца паселішча Старое Бугавае, размешчанае на беразе мора. Да снежня 1791 года — даты афіцыйнага ўваходжання краю ў склад Расійскай імперыі — Буга-Днястроўскае міжрэчча ўваходзіла ў склад Залатой Арды, Вялікага Княства Літоўскага, Польскага Каралеўства, Крымскага ханства, Асманскай імперыі. У 1790—1793 гг. землі горада ўваходзілі ў склад тэрыторыі Чарнаморскага казацкага войска. У канцы XVIII і ў пачатку XIX стагоддзяў тут пасяліліся грэкі, албанцы, малдаване і немцы.
Па марскім ўзбярэжжы і па правым беразе Сухога лімана былі раскіданыя так званыя Бугавыя хутары. Іх паходжанне звязана з канкрэтнай гістарычным асобай — баявым афіцэрам, грэкам па нацыянальнасці Андрэем Бугой, што валодаў тут ворнымі землямі і пабудаваў на свае сродкі ў 1814 годзе першы будынак царквы Успення Божай Маці ў вёсцы Аляксандраўка. Жыхары хутароў займаліся пераважна рыбнай лоўляй. У 1896 годзе на хутары Бугава ўжо было 10 двароў, працавала некалькі рыбных заводаў. А ў ваколіцах лімана паступова узніклі земляробчыя гаспадаркі.
Пасля ўстанаўлення савецкай улады, у 1927 годзе, хутар Бугава быў перайменаваны ў хутар Ільічоўскі. Праз год мясцовыя сяляне арганізавалі тут некалькі таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі. У 1950 годзе было прынята рашэнне аб будаўніцтве буйнога суднабудаўнічага завода. У жніўні 1952 года пасёлак, у якім пражывала 3000 чалавек, быў аднесены да катэгорыі пасёлкаў гарадскога тыпу і атрымаў назву Ільічоўск.
У 1957 годзе ў Сухім лімане было пачата будаўніцтва гандлёвага порта, які быў адкрыты 5 жніўня 1958 года.
12 красавіка 1973 г. населенаму пункту далі статус горада абласнога падпарадкавання.
Порт
[правіць | правіць зыходнік]Марскі гандлёвы порт Чарнаморск — адзін з самых маладых на Чорным моры. Будаваўся ў савецкі час з канца 1950-х (скончаны ў 1960-х) гадоў, у асноўным для марскога тавараабароту з «сацыялістычнымі» краінамі — Балгарыяй і Румыніяй.
Мае чыгуначныя і аўтамабільныя падыходы, звязаныя з магістралямі краіны. Дзейнічаюць міжнародныя паромныя пераправы Чарнаморск — Варна (Балгарыя), Чарнаморск — Поці і Чарнаморск — Батумі (Грузія). У порце рэалізаваны міжнародны транспартны праект па апрацоўцы рэгулярнага кантэйнернага цягніка «Вікінг» па маршруце Чарнаморск — Кіеў — Мінск — Вільнюс — Клайпеда і ў зваротным кірунку.
Пагрузачна-разгрузачныя комплексы порта, якія складаюцца з 28 прычалаў агульнай даўжынёй 5500 метраў, аснашчаны сучасным перагрузачным абсталяваннем, у тым ліку партальнымі кранамі грузападымальнасцю ад 5 да 40 тон, цягачамі, аўтамабільнымі кранамі і інш.
У склад порта ўваходзіць дапаможны флот, які ўключае буксіры, плавучыя краны грузападымальнасцю да 300 тон, танкеры-бункеравальнікі, плывучы зернеперагрузчык, лоцманскія катэры, нафтасмеццезбіральны і іншыя плаўсродкі.
Порт мае магчымасць перагружаць ў год да 20 мільёнаў тон грузаў, асноўную частку якіх складае разнастайная металапрадукцыя, кантэйнеры, аўтамабілі, тарна-адзінкавыя грузы, важкавагавое абсталяванне, мінеральныя ўгнаенні, збожжа, раслінныя алеі, тэхнічныя вадкасці.
Турызм
[правіць | правіць зыходнік]У ваколіцах горада хутка развіваецца пляжны турызм. У горадзе вялікая ўвага надаецца баўленню вольнага часу і адпачынку. Пляжы, якія працягнуліся на 12 кіламетраў уздоўж мора, падтрымліваюцца ў чысціні і парадку. Горад спраектаваны кампактна і зручна. Транспартныя развязкі злучаюць паміж сабой гандлёвыя цэнтры, месцы адпачынку і жылыя раёны. Гэта спрыяе прытоку турыстаў у летні сезон, які доўжыцца з мая па кастрычнік. У гэты перыяд насельніцтва Чарнаморская практычна патройваецца.