Цела сегментаванае (даўжыня да 30 мм), поўнасцю або часткова ўкрыта хіцінавай ракавінай (у шчэлепаногаў Anostraca яе няма). Галава (протацэфалон) не эрастаецца з груднымі сегментамі. Маюць фасетачныя вочы і наупліяльнае вочка. Кожны сегмент грудзей мае пару лістападобных ног са шчэлепнымі прыдаткамі (адсюль назва).
Вядомы з кембрыю. Налічваецца каля 1500 відаў. Пашыраны ва ўсіх частках свету акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна ў прэсных водах, марскія віды нешматлікія і паходзяць ад прэснаводных. На Беларусі найбольш вядомыя дафніі (Daphnia), шчытні (Notostraca), басміны (Bosmina), лептадоры (Leptodora), маіны (Moina) і інш.
Размнажэнне палавое, часта партэнагенетычнае. Развіццё прамое або з метамарфозай.
Кормяцца мікраарганізмамі, дэтрытам, аднаклетачнымі водарасцямі. Фільтратары, удзельнічаюць у біялагічным ачышчэнні вадаёмаў. Большасць відаў — корм для рыб.