Beauveria bassiana — від грыбоў з роду Beauveria. Тыпавы від роду.
Неспецыфічны энтамапатаген, які выкарыстоўваецца для біялагічнага кантролю насякомых-шкоднікаў.
Калонія анаморфы грыба на дэкстрозным агары Сабура і бульбяна-дэкстрозным агары 1,5—3 см на 10-ы дзень, шарсцістыя, белыя, затым часта светла-жаўтлявыя. Адваротны бок неафарбаваны, жаўтлявы або цёмна-чырвоны, у апошнім выпадку з растваральным пігментам, які дыфундуе ў асяроддзе. Споранашэнне ў масе белае.
Вегетатыўныя гіфы септаваныя, гіялінавыя, да 2 мкм шырынёй, гладкія. Канідыягенныя клеткі звычайна ў групах па 5 і болей, утвараюцца на гіфах паветранага міцэлія на прыпаверхневых клетках гіф субстратнага міцэлія. Аснова канідыягеннай клеткі амаль шарападобная да ампулападобнай, 3-6 мкм шырынёй, ад яе адыходзіць рахіс, які расце зігзагападобна, у яго выгібах размяшчаюцца канідыі. Канідыі (сімпадулаканідыі) 2-3 мкм у дыяметры, шарападобныя да шырокаэліптычных, часам з завастрэннем на верхавіне.
Тэлеаморфа утварае ў прыродзе цыліндрычную строму жоўта-карычневага або жаўтлявага колеру, 4-4,5 см даўжынёй, на верхавіне з пашырэннем, які нясе перытэцыі. Перытэцыі яйкападобныя, пагружаныя ў строму. Аскі цыліндрычныя, 230—590 мкм даўжынёй і 3,5—4 мкм шырынёй. Аскаспоры ніткападобныя, 300—570 мкм даўжынёй і каля 1 мкм шырынёй, могуць утвараць другасныя споры. У культуры ўтварэнне пладовых тэл пры скрыжаванні штамаў нестабільнае.
Шырока распаўсюджаны глебавы сапратроф і энтамапатаген. Таксама вылучаецца з паверхні раслін, зрэдку — у якасці эндафіту.
Тэлеаморфа ў цяперашні час выяўлена толькі ў Кітаі, дзе сустракаецца ў якасці патагена лускакрылых.
Від названы імем італьянскага юрыста і прыродазнаўцы Агасціна Басі (1773—1856). Басі на працягу 25 гадоў вывучаў хваробу тутавага шаўкапрада і паказаў, што яна выклікаецца гэтым грыбком.
- Beauveria densa (Link) F.Picard, 1914
- Beauveria doryphorae R.A.Poiss. & Patay, 1935
- Beauveria globulifera (Speg.) F.Picard, 1914
- Beauveria shiotae (Kuru) Langeron, 1936
- Beauveria sulfurescens (J.F.H.Beyma) J.J.Taylor, 1970
- Botrytis bassiana Bals.-Criv., 1835basionym
- Cordyceps bassiana Z.Z.Li et al., 2001
- Isaria densa (Link) Giard, 1891
- Isaria shiotae Kuru, 1932
- Penicillium bassianum (Bals.-Criv.) Biourge, 1923
- Penicillium densum (Link) Biourge, 1923
- Spicaria bassiana (Bals.-Criv.) Vuill., 1910
- Spicaria densa (Link) Vuill., 1910
- Sporotrichum densum Link, 1816
- Sporotrichum globuliferum Speg., 1880
- Sporotrichum sulfurescens J.F.H.Beyma, 1928
- Stachylidium bassianum (Bals.-Criv.) Mont., 1856
- Tritirachium shiotae (Kuru) Langeron, 1947
Зноскі
- Kepler R. M., Luangsa-ard J. J., Hywel-Jones N. L. et al. A phylogenetically-based nomenclature for Cordycipitaceae (Hypocreales)(англ.) // IMA Fungus : journal. — 2017. — Т. 8. — № 2. — С. 335—353. — DOI:10.5598/imafungus.2017.08.02.08
- Lee J., Shrestha B., Sung G. et al. Cultural Characteristics and Fruiting Body Production in Cordyceps bassiana(англ.) // Mycobiology : journal. — 2010. — Т. 38. — № 2. — С. 118—121. — DOI:10.4489/MYCO.2010.38.2.118
- Li Z., Li C., Huang B. et al. Discovery and demonstration of the teleomorph of Beauveria bassiana (Bals.) Vuill., an important entomogenous fungus(англ.) // Chinese Science Bulletin : journal. — 2001. — Т. 46. — № 9. — С. 751—753. — DOI:10.1007/BF03187215
- Rehner S. A., Minnis A. M., Sung G. et al. Phylogeny and systematics of the anamorphic, entomopathogenic genus Beauveria(англ.) // Mycologia : journal. — Bulgarian Mycological Society, 2011. — Т. 103. — № 5. — С. 1055—1073. — DOI:10.3852/10-302