Алесь Каско
Алесь Каско | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Аляксандар Канстанцінавіч Каско |
Нарадзіўся | 10 сьнежня 1951 (72 гады) Чудзін Ганцавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці |
Памёр | 26 лістапада 2017 Жабінка, Беларусь |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, журналіст |
Мова | беларуская |
Узнагароды |
Але́сь (Алякса́ндар Канстанці́навіч) Каско́ (10 сьнежня 1951, вёска Чудзін, Ганцавіцкі раён Берасьцейскай вобласьці, БССР — 26 лістапада 2017, Жабінка, Беларусь[1]) — беларускі паэт, журналіст, грамадзкі дзяяч. Адзін з стваральнікаў і лідэраў беларускага адраджэнскага руху ў Берасьці і на Берасьцейшчыне ў канцы 1980-х — 1990-ыя. Сябра БНФ з 1989 году.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сялянскай шматдзетнай сям’і ў в. Чудзін. Яго 40-гадовага дзеда закатавалі ў вайну немцы і паліцаі ў Чудзіне. Бацька Алеся Каско — Канстанцін Рыгоравіч — быў партызанам, потым франтавіком, быў цяжка паранены і прыйшоў з вайны з мэдалём «За адвагу». Бацька лічыўся сярод вяскоўцаў майстрам на ўсе рукі. Маці, Ксенія Васільеўна, працавала ў мясцовым калгасе трактарысткай.
У старэйшых клясах Чудзінскай сярэдняй школы, куды Алесь пайшоў у 1958 годзе, яму пашанцавала быць вучнем беларускага пісьменьніка Міколы Купрэева, які працаваў настаўнікам літаратуры і ўжо тады быў вядомым паэтам. Першы верш Алесь Каско напісаў у шостай клясе, а будучы вучнем выпускнога клясы, надрукаваў свой верш «Пралескі» ў ганцавіцкай раённай газэце «Савецкае Палессе».
У 1968 паступіў на беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту Берасьцейскага пэдагагічнага інстытуту імя А. С. Пушкіна, дзе ў той час навучаліся Мікола Пракаповіч, Алесь Разанаў, Васіль Жуковіч, Алесь Зайка. У Берасьці Алесь Каско далучыўся да літаратурнага жыцьця: пасябраваў з студэнтамі-паэтамі, наведваў пасяджэньні інстытуцкага літаратурнага гуртка і Берасьцейскага абласнога літаб’яднаньня, зьмяшчаў свае вершы ў абласной газэце «Заря», а потым у агульнакраёвай «Чырвонай змене». У гады навучаньня ў Берасьцейскім пэдінстытуце лёс зьвёў яго з выдатным пэдагогам, вядомым пісьменьнікам, прафэсарам, загадчыкам катэдры беларускай літаратуры Уладзімерам Калесьнікам. Ён аказаў моцны ўплыў на маладога паэта, дапамог яму разьвіць творчыя здольнасьці.
На пачатку 1971 Алесь Каско перапыніў навучаньне. Выкладаў расейскую мову і літаратуру ў Рагазьнянскай сярэдняй школе Берасьцейскага раёну, беларускую мову і літаратуру ў Чудзінскай сярэдняй школе. З восені 1971-га два гады адслужыў у войску. Пасьля службы зноў настаўнічаў у сваёй роднай Чудзінскай сярэдняй школе і працягваў завочнае навучаньне ў пэдінстытуце. У 1974 перавёўся на стацыянарнае аддзяленьне Берасьцейскага пэдінстытуту. У гэтым жа годзе накіраваны на Рэспубліканскі сэмінар маладых літаратараў у Каралішчавічы. На апошнім курсе ажаніўся зь Людмілаю.
Пасьля заканчэньня пэдінстытута ў Берасьці ў 1976 годзе з жонкаю і немаўляткам сынам Вадзімам Алесь Каско пераехаў жыць у Жабінку Берасьцейскай вобласьці, дзе ў 1987 годзе ў сям’і нарадзілася дачка Воля.
У 1976—1984 карэспандэнт жабінкаўскай раённай газэты «Сельская праўда». Алесь Каско зьяўляўся спачатку сакратаром, а пасьля старшынём Жабінкаўскага раённага літаб’яднаньня «Плынь». 3 1984 году працаваў у Берасьці рэдактарам на абласной студыі тэлебачаньня ў аддзеле літаратурна-драматычных праграм разам зь Міколам Пракаповічам.
Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (1984). З 1991 году ўзначальваў Берасьцейскае абласное аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Знаходзячыся на гэтай пасадзе, у 2001 годзе выступіў з дакладам на Другім Міжнародным кангрэсе Беларускага ПЭН-цэнтру, які праходзіў у Доме творчасьці пісьменьнікаў «Іслач». Заснаваў сэрыю паэтычных аўтарскіх кніжак «Берасьцейскае вогнішча». У 2007-ым годзе зноў вярнуўся ў жабінкаўскую раённую газэту «Сельская праўда». На яе старонках друкуюцца яго карэспандэнцыі, рэпартажы, інтэрвію, замалёўкі, нарысы, вершы. У гэты час Алесь Каско кіруе ў Жабінцы літаратурнай студыяй «Вестка» пры раённай дзіцячай бібліятэцы, актыўна дапамагае паэтам-пачаткоўцам авалодаць словам, вучыць любіць беларускую мову. Ён часты госьць на літаратурных вечарынах у школах, арганізацыях, бібліятэках Жабінкі, Берасьця, а таксама на сваёй радзіме ў Чудзіне.
Пры актыўным удзеле Алеся Каско ў Берасьці пасьмяротна выйшла кніга В. Праскурава «Наўсьцяж вясковай вуліцы», нямала ён зрабіў па ўшанваньні памяці і ўпарадкаваньні магілаў сваіх землякоў з Ганцаўшчыны Міхася Рудкоўскага, Івана Кірэйчыка, прыклаў шмат намаганьняў, каб на магіле ў вёсцы Федзькавічы Жабінкаўскага раёну зьявіўся помнік паэту Васілю Гадульку.
Памёр у Жабінцы 26 лістапада 2017 году.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратурнай працай займаецца з 1968. Дэбютаваў вершамі ў рэспубліканскім друку ў 1970 (газэта «Чырвоная змена»). Аўтар кніг паэзіі «Вестка» (калектыўны зборнік «Нашчадкі», 1979), «Скразная лінія» (1982), «Набліжэньне» (1989), «Час прысутнасьці» (1994), зборніка выбранай паэзіі (1997), «Сорак пяць» (1996), «Трохкроп’е» (2001), кніга вершаў «Свой камень» (у калектыўным зборніку «Трохперсьце» (2008), «Нічога больш» (2011), «Прыадхінуты небасхіл» (2012), «Межавыя знакі» (2014).
У 2001 годзе, насьледуючы свайго вядомага земляка этнографа і фальклярыста Аляксандра Сержпутоўскага, Алесь Каско запісаў казкі землякоў-чудзінцаў і выдаў іх у зборніку народных казак «Чыстага ўсё нячыстае баіцца», у 2004 годзе выйшла кніжка вершаў і казак «Два сонцы».
Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1995) за кнігу «Час прысутнасьці», Мядовай літаратурнай прэміі (2001).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Тэлеперадача «Край» аб Алесе Каско на YouTube
- Постаці. Алесь Каско на YouTube
- віртуальная выстаўка на сайце Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея "Алесь Каско: «Нічога не выказаў болей…»"
- Нарадзіліся 10 сьнежня
- Нарадзіліся ў 1951 годзе
- Памерлі 26 лістапада
- Памерлі ў 2017 годзе
- Ляўрэаты Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова
- Берасьцейская літаратурная мядовая прэмія
- Беларускія паэты і паэткі
- Беларускамоўныя паэты і паэткі
- Сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў
- Беларускія журналісты
- Нарадзіліся ў Ганцавіцкім раёне
- Выпускнікі Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту