Беларускі нацыянальны строй
Белару́скі нацыяна́льны строй — комплекс адзеньня, абутку і аксэсуараў, які склаўся на працягу стагодзьдзяў і выкарыстоўваўся беларусамі ў штодзённым і сьвяточным ужытку.
Беларускі строй, маючы агульныя карані з украінскім і расейскім нацыянальнымі строямі, хоць і фармаваўся на аснове ўзаемаўплыву летувіскай, польскай, расейскай і ўкраінскай традыцыяў, тым ня менш, адрозьніваецца самабытнасьцю і зьяўляецца самастойнай зьявай[1][2]. Акрамя гэтага, ён убіраў у сябе тэндэнцыі інтэрнацыянальнага гарадзкога строю і такім чынам ўпісваўся ў агульнаэўрапейскі кантэкст[1].
Пры вырабе строю выкарыстоўваліся такія віды дэкаратыўна-прыкладной творчасьці, як ткацтва, пляценьне, ювелірнае мастацтва, апрацоўка скуры й іншыя[3].
Гісторыя строю
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вытокі беларускага адзеньня знаходзяцца ў культуры Кіеўскай Русі. Умерана кантынэнтальны клімат, працяглая зіма і негарачае лета вымагалі закрытага, цёплага адзеньня[4]. Фармаваньне ўласна беларускага традыцыйнага строю і яго асаблівасьцяў пачалося ў часы Сярэднявечча. Да канца XIX — пачатку XX стагодзьдзяў яго аблічча выстаялася, склаліся ярка-выяўленыя этнічныя асаблівасьці[5]. Адна з найважнейшых характарыстык беларускага строю — незвычайная ўстойлівасьць традыцыі. Убіраючы ў сябе разнастайныя павевы на працягу стагодзьдзяў, беларускі строй доўгі час захоўваў нязьменным крой некаторых прадметаў адзеньня, яго форму, асобныя атрыбуты строю ўзыходзяць яшчэ да паганскай даўніны, у ім захаваліся архаічныя рысы, напрыклад, старадаўні арнамэнт і паласаты дэкор. Тэхналёгіі вырабу тканін таксама захаваліся з старажытных часоў[3][5]. Нягледзячы на ўстойлівасьць традыцыйнага аблічча, гарнітур рознаварыянтны ў вобразнай і кампазыцыйнай праявах[5].
-
«Ліцьвіны»
-
«Беларусы Менскай губэрні»
-
«Беларусы Магілёўскай губэрні»
-
«Тыпы беларусаў Менскай губэрні»
-
«Тыпы беларусаў Магілёўскай губэрні»
-
«Сцэны з жыцьця беларусаў»
Лакальныя разнавіднасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Беларускія народныя строі
На тэрыторыі Беларусі дасьледчыкі вылучаюць больш за 30 разнавіднасьцяў народнага строю, досыць строга прывязаных да пэўнай мясцовасьці.
Мужчынскі строй
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Штодзённае адзеньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мужчынскі строй звычайна складаўся з кашулі, вышытай па варотах і нізе, штаноў, камізэлькі, нагавіц (пояснае адзеньне)[3][4]. Кашуля насілася навыпуск, падпярэзвалася каляровым поясам.[3] Кішэні адсутнічалі, іх замяняла скураная сумачка, якую насілі праз плячо або падвешвалі да скуранога пояса[3][6]. Мужчынскі строй меў сьціплае аздабленьне, у ім пераважаў белы колер, а дэкор прыпадаў на каўнер, каўнерцы, пазуху і ніз кашулі і на разнаколерны пояс з кутасамі[4].
Верхняе адзеньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У якасьці верхняга адзеньня выкарыстоўваліся кажухі з аўчыны, якія ў заможных людзей зьверху абшывалі каштоўнай тканінай і ўпрыгожваліся вышыўкай і аплікацыямі. Вельмі багатыя людзі насілі футры зь меха. Таксама існавала верхняе адзеньне з сукна, якое называлася па-рознаму: «япанча», «кірэя», «бурка», «чуя»[6].
Галаўныя ўборы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Існавала вялікая разнастайнасьць мужчынскіх галаўных убораў, якія выраблялі з футра, сукна ці лямцу[4]: магеркі з качанай воўны, брылі з саломы, узімку — футравая шапка (аблавуха) [3] Галаўныя ўборы таксама рабілі з хатняй аўчыны карычневага, чорнага або шэрага колеру[6].
Абутак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мужчыны насілі лапці ў якасьці штодзённага абутку, скураныя пасталы, па сьвятах апраналі боты. Найбяднейшыя пласты сялянства часам насілі лапці круглы год, уцяпліўшы іх шляхам падкладываньня саломы ўнутр, і абматваючы ногі палатнянымі анучамі.
Пасталы вырабляліся з кавалка скуры, бакі якога адхонна выгіналіся і сьцягваліся ўверсе лыкам, аборкай або раменьчыкам[6].
Вельмі рэдка на паўночным захадзе Беларусі сяляне насілі драўняны абутак[6].
Жаночы строй
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Штодзённае адзеньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жаночы строй больш разнастайны, з выяўленай нацыянальнай спэцыфікай. Вылучаюцца чатыры комплексы: са спадніцай і фартухам; са спадніцай, фартухам і камізэлькай (гарсэтам); са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт; з андаракам, фартухам, камізэлькай (гарсетам). Два першыя вядомыя па ўсёй тэрыторыі Беларусі, два апошнія ва ўсходніх і паўночна-ўсходніх раёнах. Маецца тры тыпы кашуль: з прамымі плечавымі ўстаўкамі, тунікападобная, з какеткай (гесткай)[4]; вялікая ўвага надавалася вышыўцы на рукавах. Пояснае адзеньне — разнастайнага фасону спадніцы, якія адрозьніваліся кроем (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама андаракі, фартухі[3]. Спадніцы — чырвоныя, сіня-зялёныя, у шэра-белую клетку, з падоўжнымі і папярочнымі палосамі. Фартухі ўпрыгожваліся карункамі, складкамі, вышытым узорам[3]; камізэлькі (гарсет) — вышыўкай, карункамі, дэкаратыўнымі нашыўкамі і аплікацыямі. Найбольшая ўвага зьвярталася на ўпрыгожаньне рукавоў, што зьвязана з мастацкай тэктонікай і плястыкай строю, а таксама зь верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнамэнту, які нібыта засьцерагаў рукі ад злых духоў і надаваў ім моц у працы[4].
Верхняе адзеньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жаночае верхняе адзеньне часьцей і багацей, чым мужчынскае, ўпрыгожвалася вышыўкай і аплікацыяй, але па выглядзе і крою ня вельмі моцна адрозьнівалася ад мужчынскага.
Галаўныя ўборы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жаночыя галаўныя ўборы мелі важнае сацыяльнае і абрадавае значэньне. Па іх выглядзе можна было вызначыць сямейнае становішча, узрост жанчыны, яе матэрыяльнае становішча. Галаўныя ўборы выкарыстоўваліся ў абрадах і рытуалах, напрыклад, на вясельлях дзяўчыне ўрачыста зьмянялі дзявочы ўбор на жаночы.
Карэнныя адрозьненьні існавалі паміж жаночымі і дзявоцкімі галаўнымі ўборамі. Паколькі жанчынам забаранялася знаходзіцца на людзях зь непакрытай галавой, жаночыя галаўныя ўборы паводле будовы больш складаныя і разнастайныя[4]. Дзяўчаты насілі вянкі, вузкія рознакаляровыя стужкі (скідачка, шлячок), а жанчыны хавалі валасы пад каптур, апранаючы зьверху галаўны ўбор рушніковага тыпу, напрыклад, намітку або хустку, таксама вядомыя рагацістыя — галовачка ці каптуровыя — каптур, чапец, падвічка — галаўныя ўборы[4].
Існавала вялікая колькасьць спосабаў завязваньня намітак. Вясельная намітка часта захоўвалася жанчынай усё жыцьцё і апраналася на яе пры пахаваньні. Заможныя жанчыны выраблялі свае наміткі з дарагога тонкага палатна і ўпрыгожвалі іх карункамі, вышыўкай залатымі і срэбранымі ніткамі, а жанчыны больш беднага становішча выкарыстоўвалі больш танныя тканіны і больш простыя ўпрыгажэньні, пры гэтым разнастайнасьць арнамэнту, як правіла, захоўвалася.
Таксама жанчыны выкарыстоўвалі такія галаўныя ўборы, як хусткі, коптуравыя (чапцовыя) і рагацістыя галаўныя ўборы[3].
Абутак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жанчыны ў сялянскіх сем’ях часьцей за ўсё насілі лапці. У халоднае надвор’е насілі пасталы. Боты і жаночыя чаравікі ў вёсках насіліся толькі па сьвятах ці ў найбольш заможных сем’ях. Такі абутак часьцей выраблялі адмысловыя рамесьнікі на замову[6].
Дзіцячае адзеньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Летам дзеці насілі доўгую палатняную кашулю, большыя дзеці — з нагавіцамі, меншыя — бязь іх. Абутак часта адсутнічаў[7].
У адзеньні дзяцей да пачатку ХХ ст. існавалі некаторыя адрозьненьні. Перш за ўсе яны былі абумоўлены полаўзроставымі асаблівасьцямі дзяцей, а таксама мясцовымі традыцыямі і сацыяльным статусам бацькоў. У першыя гады жыцьця ў немаўляцьці адрозьненьняў гэтых не існавала[7].
Кашуля была першым адзеньнем, што надзявалі яшчэ ў пэрыяд раньняга дзяцінства хлопчыку і дзяўчынцы, якія ўжо добра трымаліся на ножках. Доўгая кашуля з тоўстага хатняга палатна служыла адзіным адзеньнем хлопчыкаў і дзяўчынак да 5, а часта да 6 −8 гадоў і нават болей. Яе падпярэзвалі даматканым поясам[7].
У цёплую пару году дзеці хадзілі ў такой кашулі босыя. І адрозьніць хлопчыка ад дзяўчынкі можна было толькі па даўжыні валасоў (у хлопчыка — кароткія, пастрыжаныя паўкругам, у дзяўчынак — доўгія, заплеценыя ў коскі), а таксама па шнурку караляў, якія ўпрыгожвалі шыю дзяўчынак. Улетку сялянскія дзяўчынкі рабілі каралі з чырвоных ягад рабіны, з гарлачыкаў, якія ў час квецені рвалі на рэчцы або сажалцы. Доўгую сьцябліну гарлачыка раздвойвалі на дзьве, надломваючы потым невялічкімі кавалачкамі. Атрымлівалася ўпрыгожаньне накшталт ланцужка з мэдальёнам, якім служыла расьцьвіўшая кветка зь белых ліліяў і жоўтых гарлачыкаў. Ногі ў халады апраналі ў лапці[7].
У 6—8 гадоў хлопчыкам надзявалі штаны (порткі). Рабіліся яны з даматканай тканіны і фарбаваліся ў хатніх умовах расьліннымі фарбамі. Абновы дзецям шылі толькі да сьвята Вялікадня, і гэта ўздымала настрой дзяцей — яны адзін перад адным паказвалі новае адзеньне[7].
У халады адзеньнем сялянскіх дзяцей былі кажушкі або сьвіткі з чужога пляча (старэйшых дзяцей або бацькоў), доўгія спадніцы і порткі з даматканага палатна, суконная хустка і лапці з анучкамі, перавязаныя аборамі. Зімой на ногі дзеці надзявалі валенкі або «катанкі»[7].
Абавязковай прыналежнасьцю ўбору дзяўчыны былі ўпрыгожаньні — каралі, завушніцы, стракатыя прыгожыя хусткі, абвязаныя вакол шыі са спушчаным канцом[7].
Хлопцы паважна хадзілі ў высокіх «чабоцях», у камзолах чорнага ці сіняга колеру са стракатымі шклянымі ці мэталічнымі гузікамі. Паверх камзола — пояс, які некалькі разоў абвіваў талію, зьверху — сьвітка і белая валяная шапка на галаве. У канцы ХІХ ст. у вясковую моду з гораду прыйшлі фуражкі з казырком, якія сталі прыналежнасьцю ўбору хлопцаў[7].
Аксэсуары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паясы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Слуцкі пояс
Пояс, які выкарыстоўваўся ў мужчынскім строі, вырабляўся з дарагіх шаўковых нітак з ўплеценых залатых і срэбных нітак. Ён нёс ня толькі функцыянальнае значэньне, але і абрадавае, рэлігійнае і сацыяльнае. Яго вырабам займаліся майстры ткацтва, кожны пояс зьяўляўся практычна творам мастацтва і шанаваўся ў многіх краінах[2].
Упрыгожэньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для ўпрыгожваньня насіліся завушніцы, каралі (шкляныя, бурштынавыя, каралавыя, у заможных пластоў — часам жамчужныя, рубінавыя). Іншыя ўпрыгожэньні — брошкі, бранзалеты, пярсьцёнкі — таксама насіліся збольшага заможнымі пластамі насельніцтва[6].
Тканіны і матэрыялы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У беларускім нацыянальным строі выкарыстоўваліся толькі натуральныя тканіны, якія вырабляліся ў хатніх умовах, у асноўным гэта былі лён і воўна, таксама ўжывалася тканіна з валокнаў каноплі[2][3][6]. Для афарбоўкі пражы выкарыстоўваліся натуральныя фарбавальнікі: настоі траў, кары, лісьця дрэў, балотнай руды[3][4].
Для вырабу верхняй вопраткі ўжываліся сукно і аўчына[3].
Чырвоныя ніткі для вышыўкі купляліся, але пасьля ўжо ў хатніх умовах дафарбоўваліся ў карычневы і бардовы колеры[5].
Афармленьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Часьцей за ўсё адзеньне было белага колеру, у якасьці ўпрыгожваньня яно афармлялася вышытым чырвоным арнамэнтальным узорам[4], які аб’ядноўваў ўвесь камплект ў адзіную кампазыцыю. У арнамэнце выкарыстоўваліся геамэтрычныя ўзоры, пазьней сталі прымяняцца таксама расьлінныя ўзоры і іх спалучэньне з геамэтрычнымі[2][3]. У абавязковым парадку афармляліся арнамэнтам рукавы, каўнер, фартух і галаўныя ўборы. Таксама для афармленьня магло выкарыстоўвацца ткацтва ніткамі розных колераў[4].
Пры вырабе строю выкарыстоўваліся вышыўка, бранае, выбарнае, перавыбарнае, закладное, рамізнае, пераборнае і ўзорнае ткацтва, карункі і аплікацыя[3][5], існаваў таксама спэцыфічны промысел упрыгожаньня тканін — набіванка[4].
Для вырабу пояснага адзеньня шырока ўжываліся паліхромныя суконныя тканіны[3].
На фартухі прышывалі пакупныя або самаробнае карункі[6].
Са зьяўленьнем анілінавых фарбавальнікаў і крамных нітак спэктар колераў дапоўніўся аранжавым, фіялетавым, блакітным, малінавым, ярка-зялёным, аднак сфэра іх выкарыстаньня была абмежаванай[4].
Асаблівасьці крою
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У беларускім строі выкарыстоўваліся тры тыпы кашуль: з прамымі плечавымі ўстаўкамі, тунікападобная, з какеткай[3]. Кашулі ўсіх тыпаў мелі прамы разрэз (пазуху) па цэнтры, даўжыня якога дасягала 35-40 см[6].
У даўніну часьцей за ўсё кашулі шылі бяз швоў на плячах, проста перагінаючы тканіну, але ў XIX стагодзьдзі такі крой лічыўся састарэлым і выкарыстоўваўся толькі ў абрадавай вопратцы. Крой стаў полікавым, пры якім пярэдняе і задняе палотнішчы злучаліся з дапамогай прастакутных уставак з таго ж самага матэрыялу — полікаў[6].
Каўнер прысутнічаў толькі ў сьвяточнай вопратцы сялянаў, яго вышыня была каля 2-3 см. Сярод дробнай шляхты быў распаўсюджаны адкладны каўнер. Стаялы каўнер зашпіляўся на пару гузікаў узбоч або сьпераду, адкладны — на запанкі (шпонку) або сьцягваўся стужкай або палоскай каляровай тканіны[6].
Пры раскроі спадніцы з палатна рабілі два палатны, а пры шыцьці спадніцы з сукна выкарыстоўвалі ад трох да шасьці падоўжных полак, якія сшываць разам і зьбіраліся ў зморшчыны каля пояса[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Беларускія народныя строі
- ^ а б в г Нацыянальныя касьцюмы (рас.)
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п Беларускі нацыянальны касьцюм (рас.)
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м Этнаграфія Беларусі: Энцыкляпэдыя / Рэд.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989.
- ^ а б в г д Народны традыцыйны касьцюм (рас.)
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м Традыцыйнае адзеньне
- ^ а б в г д е ё ж Ракава, Л. В. Традыцыі сямейнага выхаваньня ў беларускай вёсцы / Л. В. Ракава. — Менск: Ураджай, 2000. — 111 с.: іл.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларускі народны касцюм / Л. І. Маленка; [маст. Э. Э. Жакевіч]. — Мн.: Ураджай, 2001.
- Бялявіна В. М., Ракава Л. В. Жаночы касцюм на Беларусі — Мн.: Беларусь, 2007.
- Бялявіна В. М., Ракава Л. В. Мужчынскі касцюм на Беларусі. — Мн.: Беларусь, 2007.
- Кацар М. С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка. — Мн., 1996.
- Маленко Л. И. Белорусский костюм XIX—XX вв. — Мн.: Белорусская наука, 2005.
- Маслова Г. С. Народная одежда русских, украинцев, белорусов в XIX нач. XX вв. // Восточно-славянский этнографический сборник. — М., 1956.
- Раманюк М. Ф. Нагавіцы // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9.
- Романюк М. Ф. Белорусская народная одежда. — Мн., 1981—473 с.: илл.
- Фадзеева В. Беларуская народная вышыўка. — Мн., 1991.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Фото из книги «Белорусская народная одежда»
- Беларускія народныя строі
- Беларускае народнае адзеньне
- Традыцыйныя народныя касьцюмы беларусаў. Выявы
- У Гомелі адкрылася выстава аўтэнтычных нацыянальных строяў (фота)
- Гатычны касьцюм Вялікага Княства Літоўскага канца ХІІІ — пачатку ХVI ст.
- Касьцюм жаночы сьвяточны. Беларусы. Менская губэрня. Канец XIX стагодзьдзя Набыты ў экспэдыцыі карэспандэнтам музэю В. К. Костка ў 1905 годзе(недаступная спасылка)
- Касьцюм хлопчыка. Беларусы. Магілёўская губ., Чавускі павет. Канец XIX ст. Фонды РЭМ(недаступная спасылка)
- Магілёўскія народныя строі
- Адзеньне Заходняга Палесься
- Женские костюмы восточных районов Могилевщины представлены в Музее этнографии (рас.)