Перайсьці да зьместу

Высокае (Хвойніцкі раён)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Высокае
Першыя згадкі: 1574 год
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Стралічаўскі
Насельніцтва: 17 (2021)
Геаграфічныя каардынаты: 51°49′52.3″ пн. ш. 30°2′17.8″ у. д. / 51.831194° пн. ш. 30.038278° у. д. / 51.831194; 30.038278Каардынаты: 51°49′52.3″ пн. ш. 30°2′17.8″ у. д. / 51.831194° пн. ш. 30.038278° у. д. / 51.831194; 30.038278
Высокае на мапе Беларусі
Высокае
Высокае
Высокае

Высо́кае[1]вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. За 8 км на паўднёвы ўсход ад раённага цэнтру і чыгуначнай станцыі Хвойнікі (на адгалінаваньні ВасілевічыХвойнікі ад лініі Каленкавічы — Гомель, за 111 км ад Гомля.

Тапонім Высокае ўтварыўся ад асаблівасьцяў рэльефу (высокая мясьціна)[2].

Карона Каралеўства Польскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сядзіба (дварэц) Высокае вядомая зь ліста аб падзеле маёнтку Брагін паміж князямі-братамі Аляксандрам Аляксандравічам і Міхаілам Аляксандравічам Вішнявецкімі, датаванага 15-м сакавіка 1574 году[a]. У выніку братэрскага паразуменьня

Дворец Высокое с пашнею дворною, з людми, полми, сеножатми и зо всим тым, яко ся тот дворец Высокое в собе мает

дастаўся князю Аляксандру[4].

Урывак зь дзельчага ліста 1574 г. князёў-братоў А. і М. Вішнявецкіх[b].

У часы Рэчы Паспалітай паселішча належала да Кіеўскага, ад XVII ст. да Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай.

2 чэрвеня 1609 году князь Адам Вішнявецкі не дапусьціў кіеўскіх судовых выканаўцаў у сваю частку Брагіна і ў вёску Высокае. 19 жніўня 1613 году ў Кіеўскім гродзкім судзе быў складзены зыск аб нявыплаце Адаму і Аляксандры Хадкевічаўне Вішнявецкім, іх дачцэ Крысьціне панам Янам Юндзілам сумы, запісанай на добрах Зашчоб'е, Мікулічы, частцы мястэчка Брагін, на Сяльцы і Высокім[5].

Урывак з тэксту «darowizny Brahinia» пані Крысьціны з князёў Вішнявецкіх Даніловічавай 1641 г.

20 ліпеня 1641 году пані Крысьціна з князёў Вішнявецкіх, на той час жонка Пятра Даніловіча, крайчага кароннага, саступіла князю Ярэмію Вішнявецкаму сваю палову замку і места Брагін зь сёламі, у ліку якіх было і Высокае[6].

22-м красавіка 1717 году датаваны застаўны запіс шляхты Яна і Міхала Сілічаў старадубскаму падстолію Аляксандру і яго жонцы Катарыне Окшам-Чахоўскім на сяльцо Высокае. Тады ж адбыўся і ўвод ува ўладаньне. 2-м жніўня 1718 году пазначаная скарга пана А. Окшы-Чахоўскага на сыноў кіеўскага падчашага Яна і Міхала Сілічаў за невыкананьне умовы даўгавога запісу на 2000 польскіх злотых, забясьпечанай сёламі Брагінскай воласьці Высокае і Лісьцьвін, што ў Оўруцкім павеце[7]. На 1734 год частку Высокага трымалі ў заставе паны Войны[8]. Але ўжо раней, прынамсі, у 1733 годзе Высокае з усім Брагінскім маёнткам стала дзедзічным уладаньнем князя Міхала Сэрвацыя са старэйшай галіны роду Вішнявецкіх, які менавіта тады ўпершыню падпісаўся «графам на Брагіне»[9].

Wieś Wysokie ў 1783 г. Фрагмэнт эксплікацыі да мапы Брагінскага графства.

2-м студзеня 1750 году датаваны ліст пана Антонія Ракіцкага[c] да князя Ігнацыя Шуйскага са скаргаю на адміністратара яго Хвойніцкага маёнтку «za niesłuszne najechanie na dobra i pola wsi Brahińskiej Wysokich y więcej sta kop żyta zabrania»[10].

У 1754 годзе з 14 двароў (каля 84 жыхароў) вёскі Высокае Брагінскага маёнтку выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замку) 2 злотыя, 5 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 8 зл. і 20 гр.[11]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім.

Вёска Высокае згаданая ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 года.

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Высокае на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Высокае – у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[12]. Згодна з расейскай рэвізіяй 1795 году вёска Высокае дзедзічных уладальнікаў Людвіка і Алаізія, сыноў Міхала, Ракіцкіх з 23 чэрвеня 1794 г. была ў заставе ў судзьдзі земскага оўруцкага Міхала, сына Яна, Паўшы, а кіраваў ёй упаўнаважаны Міхал, сын Марціна, Мрачкоўскі. Тады тут налічвалася 16 двароў[d] з 56 падданымі мужчынскага і 63 жаночага полу[13][e].

Згодна з шляхецкай рэвізіяй ад 13 сьнежня 1811 году, оўруцкі падкаморы Міхал Паўша з жонкай Ёганнай арэндным правам ад дзедзічнага ўладальніка пана Шымана Забелы[f][14] трымаў фальварак і вёску Лісьцвін, вёскі Веляцін, Карпілаўка, Высокае, у якіх разам налічвалася 331 сялянская душа. З таго ж 1811 году вядома і аб пражываньньні ў Высокім графа Шымана Забелы чыншавага шляхецтва Шацілаў, Куліцкіх, Навакоўскіх[15]. У ведамасьці Раства-Багародзіцкай царквы ў Губарэвічах за 1829 год сказана, што ў вёсцы Высокае налічвалася 11 поўных двароў і яшчэ тры чвэрці двара. Прыхаджанамі — 47 мужчын і 45 жанчын з падданых графа Міхала, сына Рафала, Ракіцкага, які сам «тут не живёт»[16]. 1 студзеня 1835 году прыход у Губарэвічах быў скасаваны[g].

На мапе Ф. Шубэрта 1826-1840 гг. пазначаныя два паселішчы з назвай Высокае.
Высокае, фальварак і засьценак Раславіца (Берасьцечка), Лісьцьвін, Веляцін на мапе Ф. Ф. Шубэрта, сярэдзіна XIX ст.

На 1850 год у вёсцы — 13 двароў, 102 жыхары[3]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 101 жыхар абодвух полаў вёскі Высокае зьяўляўся прыхаджанінам Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы, а 56 мужчын і 72 жанчыны, якія жылі ў засьценку Высокае[i], былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[20].

У парэформавы пэрыяд вёска Высокае належала да Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. У 1866 годзе ў вёсцы было 39 двароў, 272 жыхары[j]. На пачатак 1870 года тут — 55 мужчын-гаспадароў зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Губарэвіцкага сельскага таварыства[22]. У 1876 гадзе жыхары вёскі заставаліся прыхаджанамі Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы[23].

21-м жніўня 1891 — 18-м лютага 1893 году датаваная справа Другога (сялянскага) дэпартамэнту Сэната што да перагляду справы аб спрэчках паміж сялянамі вёскі Высокае і ўладальнікам маёнтку Брагін панам Ст. Кербедзем, узьніклых пры адмежаваньні сялянскіх зямельных надзелаў[24]. Паводле перапісу 1897 году ў Высокім налічвалася 45 двароў з 294 жыхарамі, працавалі школа граматы і вятрак[3]. На 1909 год у вёсцы было 58 двароў і 377 жыхароў[25].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Высокае ў складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[26].

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Высокае і Берасьцечка, Губарэвічы і Стралічаў на мапе 1924-26 гг.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Высокае – цэнтар сельсавету ў складзе Хвойніцкага раёну Рэчыцкай акругі БССР. На 1926 год у вёсцы было 95 гаспадарак. Найбольш распаўсюджаныя прозьвішчы жыхароў: Ходас (лідар), Жэбіт, Ганчар, Сергеенка, Повад, Калыхан, Дыгун, Алейнік, Скідан, Козел[27]. З 9 чэрвеня 1927 году – у складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году тэрыторыя далучана да Рудакоўскага сельсавету. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Чырвоная Перамога», працавалі два ветракі і кузьня. З 1938 году – у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры. У 1939 годзе ў вёсцы налічвалася 66 двароў з 393 жыхарамі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны 59 вяскоўцаў загінулі на франтах.

З 1954 году Высокае — у складзе Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году ў вёсцы было 518 жыхароў. У складзе саўгасу «Стралічаў» з цэнтральнай сядзібаў у аднайменным сяле[3].

  • 2004 год — 17 гаспадарак, 51 жыхар.
  • 2021 год — 6 гаспадарак, 17 жыхароў[28].
Высокае на мапе першага тому Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі[29].
Высокае на мапе другога тому Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі.[30].
  1. ^ Не з XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[3].
  2. ^ Зьмест урыўка:
    ... Ку тому остров Рудаков с полями, чертежами, дубровами и сеножатми до границы от Высокого, взявши от сеножатей до могилок, до дороги Хвойницское, которая идеть до Остроглядович, до рубежов, которые есмо сами зарубали водле выязду нашого братэрского...
    Прыкра, але ўкладальнікі першага тому Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі на Генэральнай мапе «Беларускія землі ў XVI ст.» зьмясьцілі дварэц Высокае занадта далёка ад Рудакова, ажно за Лісьцьвіном (!), хоць у крыніцы сказана пра тую дарогу Хвойніцкую, што вяла да Астраглядавічаў, не да Мікулічаў. На мапе «Беларускія землі ў канцы XVIІІ ст.» другога тому ВГАБ Высокае паказана дакладна.
  3. ^ На той час быў альбо ўласьнікам часткі Брагінскага маёнтку, альбо пасэсарам.
  4. ^ С. В. Марцэлеў пісаў пра 6 двароў[3]
  5. ^ І. Петрачэнка паведамляе пра падвойную заставу, маўляў, М. Паўша трымаў хутар Высокае графаў Ракіцкіх ад Людвіка Прозара. Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.
  6. ^ Тут ня ўсё зразумела. Сапраўды, у іншым дакумэнце пра Забелу сказана, што Лісьцьвін яму ад графа Рафала Ракіцкага «по купле» дастаўся. Але пасьля сьмерці тыя добры вярнуліся да сына Рафала Міхала, хоць у Забелы засталіся нашчадкі. Магчыма, граф Шыман быў хіба застаўным уладальнікам, як раней пан Прозар?
  7. ^ Сьведчаньне іерэя Расьціслава Бандарэнкі, настаяцеля царквы Праабражэньня Гасподняга ў вёсцы Сялец.
  8. ^ У гонар перамогі пад Рацлавіцамі паўстанцаў Тадэвуша Касьцюшкі. Чаму Рацлавіца стала Раславіцай у свой час патлумачыў Чэслаў Пяткевіч[17][18].
  9. ^ Цікава, што на парэформавы 1870 год засьценак Высокае ўжо ня згадваецца. Але зьяўляецца засьценак Берасьцечка з 27 аднадворцамі, неафіцыйна тутэйшымі людзьмі называны таксама Раславіцай[h], парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу, прыпісанымі да Хвойніцкай воласьці[19]. Менавіта там была праведзена мяжа апошняй з воласьцю Мікуліцкай, у складзе якой апынулася вёска Высокае.
  10. ^ Зьвестка з энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі». Аўтар артыкула С. В. Марцэлеў, акрамя таго, зблытаў сьціплую вёску Высокае з аднайменным маёнткам, калі запісаў, што ў 1889 г. граф О. Тышкевіч меў тут 9494 дзесяціны зямлі[3], бо з 1883 г. гэтай часткай Брагінскага маёнтку валодаў сапраўдны тайны саветнік Станіслаў, сын Валерыяна, Кербедзь[21].
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 63.
  3. ^ а б в г д е Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 435—436
  4. ^ Акт о разделе имения Брягин. 1574 г. // Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 1. – Мінск, 2000. С. 188, 191 Публікацыя М. Ф. Сьпірыдонава
  5. ^ Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 200—201, 551
  6. ^ Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 8-13
  7. ^ Описи актовых книг Киевского центрального архива. – № 32 / Сост. А.Т. Белоусов – Киев: Типография Т. Г. Мейнандера, 1907. С. 11, 27
  8. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. – Біла Церква, 2015. С. 287
  9. ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  10. ^ Аrchiwum Główne Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 70
  11. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 190
  12. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. С. 181–182
  13. ^ НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 3. Спр. 1. А. 263-265адв.; пар.: Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
  14. ^ НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 261. А. 517—519
  15. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 159, 258-258адв.
  16. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40604. А. 33адв.
  17. ^ Pietkiewicz Cz. Chojniki // Ziemia: Ilustrowany miesięznik krajoznawczy. – Warszawa, 1927. T. 12. № 1-24. S. 251
  18. ^ С. Бельскі. Вёскі — гэта людзі...
  19. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 69
  20. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў (РДГА). Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 722
  21. ^ НГАБ. Ф. 1595. Воп. 2. Спр. 2249. А. 82 – 86
  22. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  23. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458
  24. ^ РДГА. Ф. 1344. Воп. 20. Спр. 137
  25. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. – Минск, 1909. С. 33
  26. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  27. ^ Поселенный список домохозяев д. Высокое и п. Красная Заря, Высокский с/с, Хойникская волость, Речицкий уезд, Гомельская губерния. Всесоюзная перепись населения 1926 года.
  28. ^ Численность проживающих на территории Стреличевского сельсовета на 01.01.2021 г.
  29. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 3-х тамах: Т. 1. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. С. 149
  30. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122