Перайсьці да зьместу

Радзін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Радзін
трансьліт. Radzin
Дата заснаваньня: перад 1581 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Стралічаўскі
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
СААТА: 3254848106
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°35′1″ пн. ш. 30°4′57″ у. д. / 51.58361° пн. ш. 30.0825° у. д. / 51.58361; 30.0825Каардынаты: 51°35′1″ пн. ш. 30°4′57″ у. д. / 51.58361° пн. ш. 30.0825° у. д. / 51.58361; 30.0825
Радзін на мапе Беларусі ±
Радзін
Радзін
Радзін
Радзін
Радзін
Радзін

Ра́дзін[1] — былая вёска ў Беларусі. Уваходзіў у склад Стралічаўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзіцца за 50 км на поўдзень ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Даўляды — Хвойнікі; на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку.

Карона Каралеўства Польскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб Харугва роду Кмітаў

Найранейшая зь вядомых на сёньня згадка пра вёску ўзыходзіць да другой паловы XVI ст.[a] З падатковага рэестру Кіеўскай зямлі (ваяводзтва), складзеным 21 чэрвеня 1581 году каралеўскім слугой і паборцам панам Мацеем Язерскім, вынікае, што Радзін належаў да Чарнобыльскага маёнтку смаленскага ваяводы пана Філона Кміты. Зь яго 3 дымоў асадных сялянаў выплачвалася па 15 грошаў [3].

Герб Ліс роду Сапегаў

10 траўня 1613 году пані Зофія Кміцянка, жонка Лукаша Сапегі, саступіла Кіева-Пячэрскаму манастыру вёску Радзін, блізкую да прыналежных яму Аравічаў, за частку вёскі Валкоўшчына альбо Дзямідавічы над ракой Славечнай. 20 жніўня 1624 году архімандрыт манастыра Елісей Плетэнецкі з чарняцамі судзіліся з панам Мікалаем Стэцкім, войтам кіеўскім, за наезд яго жарновіцкіх падданых на царкоўны грунт Таўшын[b] (Tauszyn), зьбіцьцё радзінскага селяніна і ўчыненьне розных гвалтаў[4]. Згодна з тарыфам падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1628 года, з 7 дымоў сяла Радзіна архімандрыта Пятра Магілы і капітулы, ад пана Лукаша Сапегі набытага, скарб мусіў атрымаць па 3 злотыя. У люстрацыі падымнага на 1683 год названая Слабада Радзінская паноў Стэцкіх з двума дымамі[5]. Згаданы Радзін у рэестры рэвізіі 1686 году палескіх вёсак Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыі пры прыняцьці іх ад пана Журакоўскага, войскага галіцкага[6].

Леў Кішка, мітрапаліт кіеўскі. Невядомы мастак
Партрэт япіскапа Атанаса Шаптыцкага

16 сакавіка 1706 году епіскап львоўскі і галіцкі Іосіф Шумлянскі за 6 300 злотых перадаў у трохгадовую арэнду братавай удаве Аляксандры Шумлянскай Беласароцкі ключ, у складзе якога і вёска Радзін. 22 жніўня 1707 г. датаваная позва ў суд князя Дамініка Шуйскага і адміністратара Зыгмунта Шукшты па скарзе на іх оўруцкага гродзкага і каптуровага судзьдзі А. Трацьцяка аб спаленьні ў яго вёсцы Радзін сена краснасельскімі падданымі кн. Шуйскага[7]. 28 днём лістапада 1714 году датаваны кантракт, падпісаны ў Даўлядах паміж мітрапалітам кіеўскім Львом Кішкам і пісарам земскім мазырскім Тэафілам Лянкевічам-Іпагорскім на трохгадовую арэнду Беласароцкага ключа (у тым ліку Радзіна) за 510 бітых талераў. 2 жніўня 1717 году мітрапаліт Леў Кішка аддаў Беласароцкі ключ з Радзінам і Аравічамі ў арэнду на тры гады харунжаму кіеўскаму Казімеру Стэцкаму за сымбалічныя 170 злотых. У выпісцы з гродзкіх кніг Кіеўскага ваяводзтва ад 23 сакавіка 1720 году засьведчана, што калі сяляне кіеўскага харунжага, старосты жытомірскага і ўладзімерскага, палкоўніка Казімера Стэцкага ехалі па дарозе з Баршчоўкі да Радзіна, каля балота Тужар іх сустрэў кіеўскі падчашы Крыштаф Маржэцкі і моцна скалечыў зброяй некалькі чалавек. 12 сакавіка 1728 году пазначаны запіс у кнізе Оўруцкага гродзкага суда аб уводзе ў валоданьне Беласароцкім ключом наміната і адміністратара Кіеўскай мітраполіі епіскапа Атанаса Шаптыцкага[8].

Партрэт архіепіскапа Флярыяна Грэбніцкага

На 1734 год Радзін у складзе Беласароцкага ключа, як і раней, належаў Кіеўскай мітраполіі[9]. Згодна зь земскай кнігай Кіеўскага ваяводзтва, 23 студзеня 1747 году ў валоданьне маёнткамі Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыі, у тым ліку Беласароцкім ключом з Радзінам і Аравічамі, уведзены новы адміністратар архіепіскап Флярыян Грэбніцкі[10].

Ясон Смагаржэўскі, мітрапаліт кіеўскі

У 1754 годзе з 32 двароў[c] (×6 — прыкладна 192 жыхары) вёскі Radyn выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 5 злотых, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 20 зл.[11]

Габрэйскія перапісы 1765 і 1778 гадоў засьведчылі пражываньне ў Радзіне адпаведна 3 і 4 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), што належалі да Чарнобыльскага кагалу, а ў 1784 годзе — хрысьціяніна, які пагалоўшчыну не плаціў[12].

14-21 кастрычніка 1780 году возны генэрал ваяводзтва Кіеўскага «i innych» Базыль Валынец увёў у валоданьне маёнткамі, у тым ліку Радзінам у складзе Беласароцкага ключа, новага кіеўскага мітрапаліта і адміністратара Кіева-Пячэрскай архімандрыі Ясона Смагаржэўскага. У канцы дакумэнту возны, ня ўмеючы пісаць, добрасумленна «znak krzyża świętego położył»[13].

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Радзін апынуўся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 годзе ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[14]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што вёска Радзін была ўласнасьцю Кіеўскай мітраполіі ў асобе яе галавы Феадосія Растоцкага[15].

Паводле энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі», у 1834 г. у Радзіне налічвалася 42 двары; належаў ён пану Аляксандру, сыну Ігнацыя, Горвату[2].

Радзін, Уласы, Кулажын на мапе Ф. Шубэрта. Сярэдзіна XIX ст.

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 250 жыхароў вёскі Радзін абодвух полаў былі прыхаджанамі Параскевіцкай царквы ў Масанах[16].

У парэформавы пэрыяд вёска належала да Дзёрнавіцкай воласьці. На 1864 год жыхары Радзіна заставаліся ў прыходзе Масаноўскай царквы. Згадваецца таксама прыпісная Мікалаеўская царква[17]. У пачатку 1870 года ў Радзіне — 110 мужчынскіх душ зь ліку сялян-уласьнікаў, прыпісаных да аднайменнага сельскага таварыства[18]. У сьпісе прыходаў і прычтаў Менскай епархіі на 1876 год сярод паселішчаў, прыналежных да прыходу Баршчоўскай Праабражэнскай царквы, названы і Радзін[d][19]. Так і ў «Описании церквей и приходов Минской епархии» 1879 году[20]. У 1886 годзе ў вёсцы 30 двароў, 270 жыхароў, царква[21]. На 1889 год жонка калежскага саветніка Юлія Паўлава Аноева валодала ў Радзіне маёнткам у 3015 дзесяцін угодзьдзяў[22].

Згодна зь перапісам 1897 году, у вёсцы налічвалася 68 двароў, 457 жыхароў, дзейнічалі капліца і хлебазапасны магазын. Побач – аднайменны фальварак. У пачатку XX ст. зь вёскі Фізінкі (сучасная Нараўляншчына) ў Радзін перасяліліся 15 сем'яў латышоў[2]. На 1909 год у Радзіне было 96 двароў і 603 жыхары, у Новым Радзіне – 87 двароў, 501 жыхар[23]. У 1913 (так і ў 1911) годзе маёнткамі ў 100 дзесяцін кожны валодалі ў Новым Радзіне Рыгор і Максім Язерскія[24].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямецкая імпэрыя перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Радзін, аднак, апынуўся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[25].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічнымі беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. З пачатку 1920 гадоў у Новым Радзіне дзейнічала школа.

Радзін і Пагоннае на мапе гэнштабу РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 года Радзін — цэнтар сельсавету ў Камарынскім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 года сельсавет узбуйнены, у яго склад увайшла тэрыторыя скасаванага Малочкаўскага сельсавету. У 1930 годзе арганізаваныя калгасы імя С. Будзённага ў Старым Радзіне і «Новая праца» ў Новым Радзіне, працавалі 2 кузьні, ваўначоска, ветраны і паравы млыны[2]. З 20 лютага 1938 года вёска — у складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Радзіне было 187 двароў, 662 жыхары. У траўні 1943 году акупанты спалілі ўсё паселішча і загубілі 37 жыхароў[26]. 73 вяскоўцы загінулі на франтах.

З 8 студзеня 1954 году Радзін — у Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году ў Новым Радзіне было 37, у Старым Радзіне — 409 жыхароў. Цэнтр калгасу «Новае жыцьцё». Працавалі камбінат бытавога абслугоўваньня, лесапільня, млын, сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, адзьдзяленьне сувязі, крама[2].

Плян Радзіна складаецца з доўгай крывалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і забудаванай з двух бакоў драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу[27].

  • Раіса Казлова (нар. 1937) — беларускі мовазнавец, спэцыяліст у галіне беларускага, паўднёва- і заходнеславянскага мовазнаўства. Доктар філялягічных навук, прафэсар.
  1. ^ Не з XIX ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2].
  2. ^ Магчыма, меўся на ўвазе Тужар.
  3. ^ Усяго ў вёсцы налічвалася «szesnastka» дыму, «puł szesnastki i chałup dwie», а 1 дым у той час складалі 320 двароў.
  4. ^ Раней не адно Радзін, але і Баршчоўка належала да прыходу Масаноўскай Параскевіцкай царквы.
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ а б в г д Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 455—456
  3. ^ Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 38
  4. ^ ŹD. T. XXІ. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. S. 378, 571; Описание архива западнорусских униатских митрополитов (далей: Описание архива). Т. 1. 1470–1700. – С.-Петербург, 1897. № 346
  5. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 392, 491
  6. ^ Описание архива. Т. 1. — № 986
  7. ^ Опись актовой книги Киевского центрального архива. № 26. / Сост. А. Т. Белоусов. – Киев, 1881. С. 11
  8. ^ Описание архива. Т. 2. 1701–1839. – С.-Петербург, 1907. № 1111, 1161, 1179, 1195, 1268
  9. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
  10. ^ Описание архива. Т. 2. – № 1444
  11. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 170
  12. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. – Киев, 1890. С. 303, 392, 712
  13. ^ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648–1798). — Киев, 1871. С. 642 — 644
  14. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  15. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
  16. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 682
  17. ^ Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем. – Санкт-Петербург, 1864. С. 302
  18. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 70
  19. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458
  20. ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 20
  21. ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 112
  22. ^ Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 363
  23. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 168
  24. ^ Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. – Mińsk, 1913. S. 110 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
  25. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922 // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85.
  26. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 36, 502
  27. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005.