Барысаў камень (Полацк)
Славутасць | |
Барысаў камень | |
---|---|
55°29′09″ пн. ш. 28°45′29″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Полацк |
Заснавальнік | Барыс Усяславіч |
Дата заснавання | XII стагоддзе |
Дата пабудовы | першая трэць XII стагоддзя |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212В000608 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Барысаў камень («1-ы Барысаў камень», «Барыс», «Барыс-Глеб»,[1] «Барыс-Хлебнік»[2]) — вялікі валун у Полацку каля Сафійскага сабора. Да 1981 г. знаходзіўся у рэчышчы Заходняй Дзвіны каля вёскі Падкасцельцы. Доўгі час гэты Барысаў камень лічыўся адзіным ацалелым у Беларусі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першапачаткова камень знаходзіўся прыкладна ў 5 кіламетрах ад Полацка, уніз па цячэнні Заходняй Дзвіны, бліжэй да левага берага, насупраць вёскі Падкасцельцы (увайшла ў склад сучаснага Наваполацка). З-за таго, што цячэнне ракі падмывала адзін бок каменя, ён быў перакулены так, што вяршыня крыжа была нахілена да вады.
Паводле звестак А. М. Семянтоўскага гэты камень быў названы «Барысам-Хлебнікам», бо ён бывае бачны цалкам, па народнаму «выходзіць з вады», каля дня святкавання Св. князёў Барыса і Глеба, гэта значыць 24 ліпеня. Каля гэтага ж часу звычайна пачынаецца і ўборка збожжа, што і адзначана народам у прымаўцы: «На Глеба Барыса, да хлеба бярыся».[2] Наконт назвы каменя «Барыс-Глеб» А. П. Сапуноў адзначае, што «…літару „г“ Беларусы вымаўляюць вельмі мякка амаль як „х“ (дакладней, як лацінскае „h“); такім чынам, народ наш вымаўляе „Барыс-Хлеб“…»[1].
Першая спроба выцягнуць камень з ракі адбылася ў 1889 годзе і скончылася няўдачай. Амаль праз сто гадоў, у 1981 годзе камень усё ж быў падняты з Дзвіны і пастаўлены ў Полацку насупраць Сафійскага сабора. З-за натуральнага выветрывання палявога шпату, паверхня каменя крупчастая і няроўная, а надпіс на ім прачытваецца дрэнна.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Камень-валун складзены з палявога шпату чырванаватага колеру, у акружнасці складае каля 8 м, паверхня няроўная. На камені высечаны чатырохканцовы крыж на ступеньчатым падножжы даўжынёй больш за 1,5 м і надпісы «ХС НИКА» і «Господи помози рабу своему Борису». Раней у басейне Заходняй Дзвіны было больш за дзесяць валуноў з аднолькавымі крыжамі і надпісамі. Мяркуюць, што крыжы выбіты паводле загаду князя Барыса Усяславіча ў першай трэці XII ст. у сувязі з ажыўленнем язычніцкіх вераванняў і для ўвекавечання імя князя.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Барысаў камень (Полацк)
- Барысаў камень (Полацк) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Барысаў камень (Полацк) на сайце Radzima.org