Княжацкі церам (Гродна)
Славутасць | |
Княжацкі церам | |
---|---|
| |
53°40′38″ пн. ш. 23°49′21″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Княжацкі церам (хорам) — помнік архітэктуры старажытнарускага перыяду Гродзенскай школы дойлідства. Збудаваны хорам у другой палове XII ст.. Знаходзіўся на тэрыторыі Старога замку ў Гродне. Да нашага часу захаваліся рэшткі церама.
Адкрыцце
[правіць | правіць зыходнік]Вялікі будынак з плінфы знойдзены падчас раскопак Ю. Ядкоўскага. Хорам быў узведзены ў самай непрыступнай частцы замка. Як і Ніжняя царква, церам з вонкавага боку быў упрыгожаны паясамі шліфаваных камянёў. Паколькі будынак размяшчаўся ля сцяны над Нёманам, М. М. Варонін палічыў яго за абарончую вежу. Аднак новыя даследаванні, праведзеныя ў 1981 А. А. Трусавым і П. А. Рапапортам, высветлілі, што меў рацыю першы даследчык — Ю. Ядкоўскі: гэта рэшткі княскага палаца-церама.
Беларускія археолагі А. А. Трусаў, М. А. Ткачоў, А. К. Краўцэвіч у 1985—1987 прадоўжылі вывучэнне ўмацаванняў Старога замка. У 1985 удзел у даследаваннях прымаў ленінградскі археолаг Л. М. Балыпакаў.
Апісанне. Прызначэнне
[правіць | правіць зыходнік]Ад княжацкага палаца захавалася паўночная частка, вывучэнне якой дало падставу меркаваць, што палац быў 2-павярховы, з перакрыццем па драўляных бэльках. Падмурак будынка складзены з аднаго раду камянёў і бітай плінфы вышынёю 35 — 40 см і апушчаны ў культурны пласт 11 — 12 ст. Сцены зроблены ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі з плінфы памерам 29,5—31х18—20х4—5 см. На тарцах плінфаў маюцца знакі. Звонку пакладзены рады слаба апрацаваных валуноў. Таўшчыня швоў — 1,5-2 см.
Падчас раскопак выяўлена паўночная сцяна даўжынёю 2,7 м з дзвярным праёмам па цэнтры шырынёю 1,6 м. Пры раскопках будынка знойдзены паліваныя пліткі падлогі XII ст. (у тым ліку і фігурныя), зліткі аплаўленага свінцу (відаць, ад лістоў пакрыцця даху) і шматлікія бытавыя рэчы XII ст.
Першы паверх княжацкага палаца складаўся з 2 памяшканняў — вялікага ў заходняй частцы будынка і малога, падзеленага прасценкам на 2 часткі. У заходняй сцяне вялікага памяшкання справа і злева ад увахода знаходзіліся нішы, перакрытыя аркамі. Таўшчыня муроў каля 1,1 м. Падлога 2-га паверха палаца была выслана паліванымі пліткамі, а дах накрыты свінцовымі лістамі. Да хорама ў канцы 14 — пачатку 15 ст. прыбудавалі з брусковай цэглы новы ганак. На думку П. А. Рапапорта і А. А. Трусава, церам мог выконваць і абарончую функцыю ў канцы 14 — пачатку 16 ст., уваходзячы ў комплекс мураванага замка. На карысць такой думкі сведчаць знаходкі ў памяшканнях палаца каменных гарматных ядзер.
Параўноўваючы княжацкі палац гродзенскага дзядзінца з аналагічнымі будынкамі ў Смаленску і Полацку, археолагі прыйшлі да высновы, што гродзенскі палац быў больш манументальны і багацей аздоблены ўнутры і звонку, меў прыгожую паліваную падлогу. Цяпер інтэрпрэтацыя помніка канчатковая — гэта колішні палац гарадзенскіх князёў.
Падчас перабудоў у XVI ст. церам разабралі, і да нашых дзён дайшлі толькі рэшткі паўночнай часткі, якія захаваліся на вышыню да 2 метраў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- А. А. Трусаў, В. Е. Собаль, Н. I. Здановіч. Стары замак у Гродне XI—XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс, Мінск: Навука і тэхніка, 1993, 152 с., ISBN 5-343-01429-1
- Археалогія Беларусі: энцыклапедыя, Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш. У 2 т., Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009, Т. 1. А-К, 496 с., ISBN 978-985-11-0354-2
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік, Рэдкал.: А. А, Воінаў і інш. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993, 620 с., ISBN 5-85700-078-5
- Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012, 370 с., ISBN 978-93-61617-77-8
- Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада, Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швед В. і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012,(Гарадзенская бібліятэка). ISBN 978-83-61617-85-3