Помнік Лісікрата
Славутасць | |
Помнік Лісікрата | |
---|---|
37°58′15″ пн. ш. 23°43′48″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Грэцыя |
Горад | Афіны |
Архітэктурны стыль | Архітэктура Старажытнай Грэцыі[d], Карынфскі ордар і Іанічны ордар |
Дата заснавання | IV стагоддзе да н.э.[1] |
Дата пабудовы | 334 да н.э. |
Матэрыял | пентэлійскі мармур[d][1], Hymettian marble[d][1] і вулканічны туф[d][1] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Помнік Лісікрата (Харэгічны манумент Лісікрата, ліхтар Дыягена) — манумент у Афінах каля Акропаля, узведзены ў 334 годзе да н.э.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Яго ўзвядзенне звязана з адной з літургій — абавязкаў, якія ўскладаліся абшчынай на багатых грамадзян у Афінах. У гэтым выпадку гэта было фінансаванне арганізацыі і падрыхтоўкі хораў для дыянісійскіх святаў. Такія хоры спаборнічалі паміж сабой, і пераможца — харэг (арганізатар хору) звычайна атрымліваў у якасці прыза бронзавы трыножнік, які ён мог выстаўляць для ўсеагульнага агляду на адпаведным пастаменце[2].
У 335 — 334 гадах да н.э. пермогу здабыў хор хлопчыкаў, арганізаваны харэгам Лісікратам, у гонар чаго і быў узведзены помнік[2].
У 1669 годзе манумент, які ў той час зваўся «ліхтаром Дэмасфена», быў набыта ордэнам капуцынаў, якія заснавалі ў 1658 годзе побач свой кляштар. Тым часам прускі салдат Іаан Георг Трансфельт, які, пазбегнуўшы ў рабства ў канцы 1674 года, хаваўся ў Афінах больш за год, зрабіў першую спробу растлумачыць прызначэнне гэтага помніка. Ён разабраў надпіс на архітраве помніка, але не змог вырашыць, ці быў гэта «храм Дэмасфена» ці «гімнасій Лісікрата». У 1676 годзе французскаму археолагу Жаку Спону таксама ўдалося прачытаць надпіс на помніку і расшыфраваць яго прызначэнне, параўнаўшы яго з падобнымі надпісамі[3]:
«Λυσικράτης Λυσιθείδου Κικυνεύς εχορήγει
Ακαμαντίς παίδων ενίκα θέων ηύλει
Λυσιάδας Αθηναίος εδίδασκε Ευαίνετος ήρχε»
«Лісікрат [сын] Лісітыда харэг [дэма] Кікіней
[з філы] Акамантыдаў выйграў [спаборніцтвы хору] хлопчыкаў Тэон [быў] флейтыстам
Лісіяд афінскі навучаў [хор] Эвенет [быў] архонтам»
Урэшце, Сцюарт і Рэвет у першым томе «Афінскіх старажытнасцяў» («Antiquities of Athens»), які выйшаў у 1762 годзе, пацвердзілі карэктнасць вынікаў, атрыманых Спонам. Яны зрабілі апісанне помніка і забяспечылі яго падрабязнымі малюнкамі[3].
У другой палове XVIII — пачатку XIX стагоддзяў Афіны наведала мноства падарожнікаў з Заходняй Еўропы, якія спыняліся ў кляштары і бачылі гэты «ліхтар», які служыў у той час кнігасховішчам. У 1821 годзе у час Грэчаскай вайны за незалежнасць турэцкія войскі пад камандваннем Амера Врыяні выпадкова ўчынілі пажар у кляштары, які пашкодзіў і помнік Лісікрата. Пасля гэтага яго ніхто не ахоўваў, і яго разбурэнне працягнулі выпадковыя мінакі. У 1829 годзе манахі спрабавалі прадаць помнік заезджым англічанам, але ён апынуўся ў такім дрэнным стане, што яго нельга было перавозіць. Лорд Элгін, які набыў адну з карыятыд Эрэхтэёна, беспаспяхова таргаваўся за гэты манумент, які стаў у той час сімвалам грэчаскага адраджэння. Помнік Лісікрата заставаўся ў такім стане да 1867 года, калі Арцюр дэ Габіно, які прадстаўляў Францыю ў Афінах і у чыіх руках апынулася зямля былога клштара, наняў для яго аднаўлення архітэктара Франсуа Буланжэ. Рэстаўрацыя доўжылася з 1876 па 1887 гады і ўключала археалагічныя працы па ўсёй акрузе, накіраваныя на пошук страчаных элементаў[3].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Помнік Лісікрата ўяўляе сабой стройнае збудаванне, што служыла раскошным пастаментам для атрыманага на спаборніцтве трыножніка. На квадратным падмурку размешчана цыліндрычная пабудова, упрыгожаная карынфскім ордарам і ўвянчаная дахам, над якім ўзвышаўся пышна аздоблены пастамент трыножніка[2].
Квадратная ў плане цокальная частка мае 3,86 м у вышыню і больш за 3 м у шырыню. Падножжам служаць чатыры вузкіх прыступкі, вышэй падымаецца выкладзенае квадрамі гладкае поле сцяны, увянчанае значна вынесенай вузкай плітой[2].
На цокалі ўзвышаецца вельмі выцягнутае цыліндрычнае збудаванне (4,77 м вышынёй і 2,80 м у дыяметры). Дзве невялікія ступені як бы звязваюць з пастаментам стройны цыліндр, упрыгожаны шасцю паўкалонамі карынфскага ордара, якія падтрымліваюць лёгкі антаблемент[2].
Прыстаўныя калоны маюць, 3,53 м у вышыню і выступаюць з паверхні сцяны больш як на палову сваёй акружнасці. Капітэлі калон — выцягнутых прапорцый, упрыгожаны двума шэрагамі лісця. Ніжні шэраг, выкананы даволі плоскай парэзкай, адрозніваецца некалькі схематызаванай трактоўкай. Вытанчаныя па абрысах акантавае лісце верхняга шэрагу маюць моцна адагнутыя з павіслымі краямі. Вышэй пругка выгінаюцца ажурныя спіралі валют. На месцы шыйкі капітэлі знаходзіцца прыкметная ўрэзка, падобная да гіпатрахеліёна дарычнай капітэлі. Існуе меркаванне, што ў гэтую ўрэзку было ўстаўлена бронзавае кальцо, упрыгожанае астрагалам.
На верхняй паверхні цыліндру, паміж капітэлямі калон, знаходзяцца выкананыя невысокім рэльефам выявы трыножнікаў. Яны згрупаваны парамі ў кожным інтэркалумніі. Гэтыя рэльефы аддзелены нешырокім абломам ад астатняй зусім гладкай паверхні цыліндра[2].
Калоны падтрымліваюць антаблемент з трохчастковым архітравам, фрызам, упрыгожаным суцэльнай рэльефнай стужкай, і карнізам з зубчыкамі. Зубчыкі карніза выступаюць параўнальна слаба, і таму вынасная пліта, якая моцна выступае, ўтварае рэзкі цень[2].
На рэльефным фрызе прадстаўлены міф пра беспаспяховую спробу тырэнскіх піратаў прадаць Дыяніса ў рабства і суровае пакаранне дзёрзкіх гвалтаўнікоў. Спадарожнікі Дыяніса — сатыры — караюць вінаватых, а пераможны бог ціха сядзіць на скале, гуляючы з пантэрай. Уся кампазіцыя поўная вытанчанасці і жыццерадаснасці. Эластычныя, стройныя фігуры рухаюцца лёгка і свабодна[2].
Над карнізам узвышаюцца размешчаныя адзін каля іншага невялікія антэфіксы , вышэй падымаецца адхонны конусападобны дах, паверхня якой падзелена падабенствам чарапіц, якія трохі нагадваюць па форме рыбіну луску. Дах ўвянчаны высокім акратэрыем у выглядзе ствала, які пераходзіць у кошык, упрыгожаны пышным лісцем аканта з выгнутымі стрыжнямі і парасткамі. Агульная вышыня помніка Лісікрата, уключаючы цэнтральны акратэрый, складае 11,02 м[2].
Асобныя часткі манумента выкананы з розных матэрыялаў, прычым паверхня іх ажыўляецца таксама рознай фактурай апрацоўкі. Пастамент манумента з цёмнага пірэйскага і грубейшага ракавістага вапняку мае злёгку шурпатую паверхня. Пад вынасной плітой пастамената знаходзіцца вузкая палоска пярэстага гимецкага мармуру. Асноўны цыліндр збудавання — полы і выкананы з белага пентэлійскага мармуру[2].
Па-за межы ўнутранай паверхні цыліндра калоны не выступаюць, таму што часткі іх ствалоў, замураваныя ў сцяну, у дакладнасці роўныя таўшчыні сцяны. Капітэлі, якія выступаюць ўнутр помніка, вычасаны там толькі ў агульных масах, без дэталяў. Архітраў і фрыз зроблены з суцэльных колцападобных блокаў мармуру. Карніз складаецца з шасці частак, а дах, як і антаблемент, з аднаго кавалка, выдзеўбанага знутры па сферычным абрысе[2].
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Помнік Лісікрата