Жывіля
Жывіля | |
Żywila. Powiastka z dziejów litewskich | |
Вокладка выданьня 1866 году | |
Жанр: | проза |
---|---|
Аўтар: | Адам Міцкевіч |
Мова арыгіналу: | польская |
Год напісаньня: | 1817—1819[1] |
Публікацыя: | 1819 |
Асобнае выданьне: | 1866 |
Выдавецтва: | Tygodnik Wileński (№ 123, 28.02.1819), Librairie du Luxembourg (1866) |
Электронная вэрсія | |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
«Жыві́ля» (польск. Żywila) — адзін зь першых твораў Адама Міцкевіча, расказ[a] у стылі клясыцызму, напісаны ў 1818 годзе[b] і ўпершыню быў агучаны на паседжаньні філяматаў 1 студзеня 1819 году[2]. Упершыню выдадзены ў Віленскім тыднёвіку ў 1819 годзе ў Вільні. Доўгі час заставаўся амаль невядомы, пакуль ня быў перавыдадзены ў Парыжы ў 1866 годзе сынам Адама Міцкевіча Ўладзіславам, які напісаў да расказу прадмову, дзе апісаў працэс яго стварэньня. Расказ Жывіля быў напісаны ў форме паданьня з характэрнай старапольскай мовай. Жывіля натхніла Міцкевіча да напісаньня пазьней Гражыны і Конрада Валенрода. Ужо ў 1822 годзе расказ Жывіля быў перакладзены на летувіскую мову Сыманасам Даўкантасам.
Расказ Жывіля — гэта характэрная для клясыцызму[c] ў літаратуры й мастацтве адсылка да жанчыны-гераіні, найбольш яскрава ўвасобленай у антычнай традыцыі Плютархам[d]. Падобны сюжэт быў папулярны й ў мастацтве, як, напрыклад, у карціне Жака-Люі Давіда Сабінянкі(fr) 1799 году. Іншыя творы нэаклясычнага мастацтва, як, напрыклад, адна з папярэдніх карцінаў Жака-Люі Давіда Клятва Гарацыюсаў(fr) 1784 году ўвасаблялі ідэю патрыятызму й адднасьці Радзіме.
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жывіля[e] — дачка князя Карыята, які каля 1400 году валодаў Наваградкам, Слонімам і Лідай. Жывіля — выняткова прыгожая й прывабная дзяўчына, якая, да ўсеагульнага зьдзіўленьня, унікае мужчын і, падаецца, ня мае замеру зь кімсьці пашлюбіцца. Бацька бязьмежна любіць дачку, шануе Жывілю «як маці лю́бую» і народ. Жывіля адмаўляе ўсім сватам і ня хоча пашлюбіцца з высакародным мужам. Карыят ненадоўга пакідае свае ўладаньні, застаўляючы замест сябе Порая, якога вельмі цэніць за ваярскія здольнасьці. Порай — найлепшы ваяр Карыята, ліцьвінскі «муж з рыцарскім сэрцам». Менавіта ваяр Порай ёсьць прычынай, зь якой княгіня Жывіля адмаўляе высокародным кавалерам. Княгіня ўжо даўно бязьмежна закаханая ў Порая й таемна зь ім сустракаецца. У час ад’езду Карыята Пораю й Жывіле прасьцей сустракацца, яны мілуюцца й суцяшаюць адзін аднаго ў сваім няшчасным каханьні. Карыят вяртаецца і бачыць, што Жывіля перамянілася: яна бледная й доўга лье слёзы. Карыят заўважае трымценьне Жывілі перад бацькам, страхі юнай княжны й здагадваецца, у чым справа. Карыят здагадаўся аб таемным каханьні дачкі. Узрушаны князь кажа Жывілі, што памілуе яе, калі яна назаве імя свайго каханка, але Жывіля не сказала ані слова — толькі плакала. Тады раззлаваны князь аб’яўляе ва ўсім месьце ўзнагароду таму, хто данясе, кім ёсьць каханак Жывілі. Але ў народзе Жывілю любілі, ды ніхто й ня ведаў пра таемнае каханьне Порая й Жывілі, таму ніхто не адгукнуўся на абвестку князя. Засмучаны Карыят кідае Жывілю ў вязьніцу, дзе ў хуткім часе яе пакараюць сьмерцю за распусту й бязбожнасьць.
Блізіцца сьвята Пяруна, на наступны дзень па якім Жывілю пакараюць сьмерцю. А тым часам да валоданьняў Карыята падыходзіць магутнае рускае войска князя Івана, якое агнём і мячом зьнішчае землі княства Карыята. Порай разам з жменькай пераапранутых ваяроў выпраўляецца, каб патрапіць у лягер ворага й шкоду ўчыніць. Але аточаны ворагамі Порай быў вымушаны біцца й ў бітве праяўляе нечалавечую мужнасьць і амаль разбівае рускае войска. Па бітве ён вяртаецца ў Наваградак, як герой. Яго сустракае Карыят і называе сваім абаронцам. Неімаверную пашану атрымлівае Порай, але просіць у Карыята толькі адну рэч. Порай кажа, што, калі Богі дазволілі яму атрымаць такую вялікую перамогу, то ён папросіць за гэта шчодрую ўзнагароду. Порай просіць у Карыята не караць сьмерцю Жывілю й аддаць яе замуж за Порая. Зьдзіўлены Карыят не разумее і перапытвае Порая, навошта яму тая распусьніца, якая страціла сваю цнатлівасьць і гонар. Карыят кажа, што ніколі літоўскія князі не выдавалі сваіх дачок за падданых і, што кепска тым, хто грэбуе крывёй. Карыят дадае, што ня хоча верыць, што менавіта Порай давядзе яе да такой ганьбы. Але падсумоўвае, што падумае, што можна зрабіць. Карыят і Порай разыходзяцца нібы мірна, але кожны з злобай у душы. Раз’юшаны Порай незадаволены няўдзячнасьцю гаспадара й задумвае помству. А Карыят у свайгу чаргу думае, што нізкародны Порай хоча дзякуючы падтрымцы народа й шлюбу з дачкой князя, авалодаць ягоным княствам. Але пакараць сьмерцю Порая ён ня можа, бо ня ўсе рускія войскі разьбіты, а над ягоным княствам вісіць пагроза.
Порай разумее, што блізіцца час пакараньня Жывілі й выпраўляецца ў шлях. У лягер рускага князя Івана ўваходзіць ваяр у чорнай зброе. Гэтым ваяром апынуўся Порай. Порай прапаноўвае Івану аддаць Наваградак яму ў рукі, а ўзамен бярэ зь Івана вялікую клятву, што той ня будзе чапаць жыхароў і аддасьць князёўну ў жонкі Пораю. Іван пагаджаецца. У Наваградку[f] адбываецца сьвята Пяруна, але ў места ўрываюцца русінскія ваяры. Порай урываецца ў вязьніцу й выцягвае аддуль на сьвятло ледзь жывую Жывілю. Жывіля абуджаецца й бачыць каханага, які ёй тлумачыць, што ёй няма чаго баяцца, бо гэта русінскія ваяры прайшлі помсціць за іх (Порая й Жывілі) крыўды. Пачуўшы гэта, Жывіля выхоплівае з боку Порая меч і з крыкам: «Здрайца — Няўжо для цябе радзіма была такой маленькай, што ты яе прадаў за трохі задавальненьня? О, чалавек без гонару, вось як ты адплаціў за маё ўстойлійвае каханьне!» — пранізвае свайго каханага. Яна ўстае й падымае жыхароў Наваградка на змаганьне. Русінскія ваяры пераможаны й Жывіля па перамозе з крыкам «Ойча мой!» бяжыць да Карыята й падае ніцма перад ім. Жывіля памёрла перад сваім бацькам, а ўдзячныя жыхары пахавалі яе пад Міндоўгавай гарой, насыпалі ў яе гонар капец і пасадзілі дрэвы.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Адам Міцкевіч задумваў свой твор не ў форме мастацкага апавяданьня, а ў форме старадаўняга казаньня, гэты твор рыхтаваўся, каб агучыць яго як народнае паданьне, а не надрукаваць у зборніку як мастацкі твор.
- ^ Зьмест расказу быў натхнёны цікаўнасьцю Адама Міцкевіча ў гэты час да літоўскай гісторыі й міталёгіі, а таксама асабістай трагедыяй, зьвязанай з няшчасным каханьнем яго й Марылі Верашчакі з прычыны яго беднасьці, што стала правобразам няшчаснага каханьня Жывілі й Порая ў творы.
- ^ Дакладней — для нэаклясыцызму.
- ^ Напрыклад у творы «Пра жаночую мужнасьць».
- ^ Адам Міцкевіч пазначае — гэта значыць Дыяна.
- ^ У тэксьце места дзеяньняў не называецца проста — Наваградак, але з кантэксту вынікае, што размова менавіта пра Наваградак.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Паданне пра філаматаў
- ^ Швед В. Падзеі і постаці гродзенскай даўніны — Горадня, 1995.